Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі ў Беластоку (абноўлена)
12-га лістапада ў скверы Вольнай Беларусі пад сценамі Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку прайшла акцыя памяці забітага ў гэты дзень тры гады таму Рамана Бандарэнкі і іншых ахвяраў рэжыму Лукашэнкі.
Кажуць удзельнікі акцыі і яе арганізатар Ян Абадоўскі:
– Наша салідарнасць з усімі людзьмі, забітымі рэжымам Лукашэнкі. Гэтых людзей становіцца ўсё болей і болей. Смерць Рамана Бандарэнкі… Яны не спыніліся і пачалі забіваць іншых – Вітольда Ашурка, Алеся Пушкіна. Гэтых людзей становіцца болей.
– Забойства Рамана Бандаранкі было паказальнае тым, што яно адбылося на вачах фактычна ўсяго двару. Людзі бачылі гэта са сваіх акон. Забойцы не турбаваліся тым, што хтосьці можа іх пазнаць, што хтосьці бачыць, што яны робяць.
– Я была на яго пахаванні, у царкве. Шмат людзей, усе плакалі. Гэта цяпер наш сімвал. Усе выходзілі і казалі “Я выхаджу”.
– Паказаць, што мы нічога не забылі, нікому нічога не даруем і памятаем нашых герояў.
Удзельнікі акцыі прынеслі знічы і кветкі, якія ўсклалі ля сімвалічнага мемарыялу памяці Рамана Бандарэнкі і іншых ахвяр рэжыму Лукашэнкі практычна ля самога ўваходу ў консульства. Агулам прайшла каля ста чалавек.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
***
У скверы Вольнай Беларусі пад сценамі Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку прайшла акцыя памяці забітага ў гэты дзень тры гады таму Рамана Бандарэнкі і іншых ахвяраў рэжыму Лукашэнкі.
Удзельнікі акцыі нясуць знічы і кветкі, якія ўскладаюць ля сімвалічнага мемарыялу практычна ля самога ўваходу ў консульства. Прысутныя абмяркоўваюць пасты і фота ў сацыяльных сетках, якія паказваюць, што беларусы па-за межамі, як і афіцыйныя асобы ў свеце, пра забойства Рамана Бандарэнкі не забыліся.
Людзі ў Беларусі не могуць сёння публічна выказаць сваё стаўленне да лёсу забітага Бандарэнкі, але мітынгоўцы вераць, што яны памятаюць пра Рамана. Удзельнікі акцыі салідарны ў тым, што справа Рамана Бандарэнкі – злачынства подлае і цынічнае. За апошнія 30 год такіх злачынстваў без справядлівага пакарання ў Беларусі было вельмі шмат.
З ягонай памяці працягваюць здзекавацца праўладныя прапагандысты. Ім не дае спакою мёртвы Бандарэнка. І менавіта ў дзень смерці Рамана Бандарэнкі важна верыць у тое, што за эпохай злачынстваў без пакарання рушыць услед эпоха пакаранняў за злачынствы.
Мітынг распачаўся памятным унясеннем фрагмента плоту Плошчы Перамогі, за недапушчэнне зрывання бел-чырвона-белых стужачак з якога і быў забіты Раман Бандарэнка.
Акцыя праводзіцца ў тым ліку, каб злачынцы рэжыму Лукашэнкі панеслі адказнасць за забойствы і катаванні беларускага народа. Абвешчана хвіліна маўчання ў памяць пра ахвяраў рэжыму Лукашэнкі.
Агулам сабралася каля сотні чалавек, людзі працягваюць падыходзіць.
Слова бярэ Сяргей Верамеенка:
„Мы пастаўлены ў вельмі складаныя ўмовы, штодня ў Беларусі ідуць рэпрэсіі – па прадпрыемствах, звычайных арганізацыях. Мы падзелены на тых, хто падтрымлівае акупацыю Беларусі, і тых, хто хоча свабоды. Гэтае змаганне ідзе з 18-га стагоддзя”.
Гучаць словы жадання ўсім вярнуцца ў Беларусь, альбо, у горшым разе, каб гэтую справу вызвалення працягнулі дзеці.
На мітынгу шмат беларусаў, якія былі ў Менску ў дні забойства Рамана Бандарэнкі, прысутнічалі на пахаванні. Словы Рамана „Я выходжу” яны паўтараюць з гонарам, і патрабуюць пакарання паслугачам рэжыму.
Слова ўзяў кіраўнік Беластоцкай харугвы Паспалітага Рушэння „Лесавік”.
„Трэба абраць бок у гэтай барацьбе, калі жадаем лепшага лёсу сабе, дзецям і Беларусі. Раман ведаў куды ідзе і заплаціў сваім жыццём, як і беларусы на ўкраінскім фронце. Давайце не будзем апускаць рукі і будзем надалей ладзіць акцыі, дапамогу, супраціў рэжыму Лукашэнкі”.
Гучыць прапанова, каб калі-небудзь ля Кансулята з’явіўся мемарыял у памяць аб усіх загінулых беларусаў высілкамі і ўскосна ад рук рэжыму Лукашэнкі.
Працуе вольны мікрафон. Удзельнікі акцыі дзеляцца болем, што барацьба можа зацягнуцца, а можа і ніколі не завершыцца. Але адказнасці злачынцам рэжыму не пазбегнуць.
Чытаюць вершы паэткі з Беларусі, прысвечаныя Раману Бандарэнку, як сімвал таго, што пра яго памятаюць і ў Беларусі, і ў замежжы.
Мітынг завяршаецца гімнам „Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.
Беларускае Радыё Рацыя