Акцыя памяці ў гонар беларускіх ваяроў прайшла ў Вільні
Акцыя памяці ў гонар беларускіх ваяроў прайшла ў Вільні на плошчы Кудзіркі. Год таму 26 чэрвеня адбылася першая вялікая колькасная страта сярод беларускіх добраахвотнікаў. У баі з танкавай калонай расейцаў пад Лісічанскам загінуў камандзір батальёна „Волат” палка Каліноўскага “Брэст”. Разам з ім не вярнуліся з бою ваяры-беларусы “Сябро”, “Папік”, “Атам”.
У палоне апынуліся “Клешч” і “Тромблі”, іх лёсы дагэтуль невядомыя.
Як кажа адна з арганізатарак віленскай акцыі, кіраўніца арганізацыі “Дапамога” Наталля Калегава, яны кожную нядзелю ладзяць акцыю, але гэтая акцыя асаблівая:
– І вось наш «Кусь» нагадаў нам пра 26-ае чысло, і мы вызначалі, якім чынам адзначыць, каб узгадаць, даць надзею людзям, паказаць, што мы ўсё адно прайшлі вялікі шлях за гэты год, у які хлопцы загінулі. Для нас гэта важка. Для нас гэта людзі, якія імнуцца здабыць для нас перамогу.
Паводле былога ваяра палка Каліноўскага, сузаснавальніка Асацыяцыі добраахвотнікаў Беларусі Андрэя Кушнярова, ён ведаў асабіста шмат каго з загінулых і можа адназначна сказаць, што яны адрозніваліся ад звычайных людзей асаблівым пачуццём адказнасці:
– Калі чалавек кажа, што я не застануся ў баку, я пайду і зраблю нешта. Усе людзі на вайне разумеюць, што ёсць вялікі шанец памерці. Чалавек свядома ставіць сваё жыццё з сям’ёй на карту і разумее, што рызыкуе сваім жыццём. Але ён бярэ гэтую адказнасць, таму што не можа інакш, таму што ён хоча жыць у добрай краіне, таму што ён хоча, каб яго дзеці, яго сям’я не так жылі, лепш жылі, ва ўмовах свабоды.
У акцыі ўдзельнічала агулам каля 50 чалавек. Была наладжаная відэасувязь з беларускімі ваярамі, якія ўзгадвалі сваіх пабрацімаў і адказвалі на пытанні прысутных. Падчас акцыі выступіў спявак Сяргей Kosmas з песняй пратэсту па-беларуску „Пад сцягам вялікай Пагоні” на словы добраахвотніка палка Каліноўскага Віктара Савіча. Яна прысвечаная беларускім ваярам.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя