Акцыя салідарнасці з Анжалікай Борыс і Анджэем Пачобутам у Беластоку (абноўлена)
У Беластоку, ля помніка Ежы Папялушку, адбылася акцыя салідарнасці са зняволенымі лідарамі Саюзу палякаў у Беларусі Анжалікай Борыс і Анджэем Пачобутам ды іншымі палітычнымі зняволенымі ў Беларусі.
Кажуць удзельнікі акцыі:
– Яны сядзяць толькі за тое, што па нацыянальнасці з’яўляюцца палякамі. Гэта генацыд.
– Яны асноўныя закладнікі для Лукашэнкі. Я думаю, будзе прасіць за іх вельмі высокую цану. Таму яны ўтрымліваюцца і будуць утрымлівацца да таго, пакуль Лукашэнка не зваліцца.
– Прыйшлі мы сюды таму, што нашыя браты беларусы і палякі сядзяць у вязніцах.
– Лукашэнка прывык гандляваць людзьмі. Усё залежыць ад таго, якую цану яму прапануюць.
Прыйшлі выказаць салідарнасць. Мая жонка, Ірына Шчасная, таксама палітзняволеная, чатыры гады калоніі. Цяжка, але трымаецца.
***
У Беластоку, ля помніка Ежы Папялушку, адбылася акцыя салідарнасці са зняволенымі лідарамі Саюзу палякаў у Беларусі Анжалікай Борыс і Анджэем Пачобутам.

Якраз 25 студзеня спаўняецца роўна 10 месяцаў з часу затрымання дзеячоў польскай меншасці ў Беларусі. Акцыя насіла у тым ліку характар агульнай салідарнасці з усімі палітвязнямі Беларусі, якіх зараз налічваецца 995 чалавек.
Агулам сабралася Каля 15 чалавек. Выступоўцы наракаюць на брак інфармацыі аб мажлівасці вызвалення як Пачобута і Борыс, так і іншых 993 палітвязняў Беларусі.
Гучыць зварот запрашаць палякаў на такія акцыі салідарнасці. Бо сітуацыя са зняволенымі нездавальняючая. Людзі па надуманых артыкулах знаходзяцца ў дрэнных умовах: скардзяцца на ежу, лекаванне, асабістае стаўленне і санітарныя ўмовы. Задача ўсіх – максімальна садзейнічаць найхутчэйшаму вызваленню зняволеных у Беларусі.
Гучыць заклік: „За нашу і вашу свабоду!”







Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
