Акцыя салідарнасці з палітвязнямі ў Беластоку (абноўлена)



Беларуская дыяспара а 18-й у самым цэнтры Беластока зладзіла акцыю салідарнасці з усімі палітвязнямі, якія правядуць Каляды і Новы год у турмах Беларусі.

Вядома, што ў турмах па стане на 30 снежня, што кантралююцца рэжымам Лукашэнкі, знаходзяцца каля тысячы палітвязняў, а дакладна 967 чалавек. І гэтая колькасць, імаверна, будзе павялічвацца. Грамадскія актывісты, музычныя дзеячы, бізнесмены, актывісты штабоў кандыдатаў у прэзідэнты, удзельнікі акцыяў пратэсту знаходзяцца ў месцах несвабоды і сустрэнуць Новы Год удалечыні ад сваіх родных і блізкіх. А ўсё з-за таго, што яны не пабаяліся скарыстацца сваімі правамі – правам на ўдзел у мірных сходах, назіраннях за выбарамі, на выказванне свайго меркавання і на ўдзел у культурна-палітычным жыцці краіны. Агулам сабралася каля 50 чалавек. Ставіцца экран, рыхтуецца сюрпрыз для мітынгоўцаў.

Слова ўзяў арганізатар акцыі Ян Абадоўскі, які кажа пра асаблівую важнасць такой сустрэчы для інтэрнацыянальнай падтрымкі палітзняволеных у Беларусі. „Гэты год паказаў, што рэжым Беларусі гатовы нават да гібрыдная вайны, да фэйкавых  крымінальных справаў супраць сваіх апанентаў. Заклікаем Еўропу адказваць на падобныя ўчынкі”.

Слова бяруць актывісты, якія асабіста ведаюць Паўла Севярынца.

Родныя Паўла Севярынца ведаюць і прыемна здзіўлены, што ў Беластоку памятаюць Паўла. Фота з сённяшняга мітынгу будуць перададзеныя сям’і Севярынцаў.

Удзельнікі мітынгу ўспомнілі, што аўтарам лозунгу „Верым. Можам. Пераможам!” акурат з’яўляецца Павел Севярынец.

Успомнілі яшчэ і Ніну Багінскую, якая такая свой дзень народзінаў сёння, 30 снежня.

У гонар яе, а таксама ў падтрымку польскіх актывістаў, зняволеных у Беларусі, гучыць асаблівая песня „Гэта мы!”

Відэа пад песню было знята ў Беластоку дыяспарай у падтрымку агульнага руху за свабоду.

Гучыць зварот маці Севярынца, якая дзякуе беларусам Беластока за падтрымку сына і агулам беларусаў. Транслюецца відэазварот жонкі Вольгі Севярынец. Яна цытуе словы Паўла пра важнасць служэння людзям, Богу і рабленне справы на карысць Беларусі.

Усе прысутныя спяваюць песню „Быкі” гурта „Ляпіс Трубяцкі” і глядзяць фота з пратэстаў у Беларусі.

З задавальненнем мітынгоўцы заспявалі песню Віктара Цоя „Перамен” на беларускай мове. Усе атрымалі раздрукаваныя словы песні. Ля „свабоднага мікрафона” ўспомнілі ўвесь той шлях, які прайшлі беларусы з 90-х гг. і апынуліся ў сённяшняй сітуацыі.

Гучыць заклік падтрымліваць палітвязняў дзеяннямі і адвечны пароль беларусаў „Жыве Беларусь!”

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя