„Беласток супраць вайны” – крычыць уся вуліца
Каля Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку беларуская дыяспара распачала акцыю супраць расейскай агрэсіі ва Украіне і ўдзелу Рэспублікі Беларусь у гэтай агрэсіі.

Да акцыі далучыліся як беларусы, так і палякі, і, канешне, украінцы. Удзельнікі прыбываюць стыхійна. Некаторыя амаль паўдня хадзілі па горадзе з беларускімі (бел-чырвона-белымі) і ўкраінскімі сцягамі. Людзі перажываюць за вынікі рэферэнудуму ў Беларусі, бо яны не толькі скасоўваюць дэмакратычны лад у краіне, але і развязваюць рукі Расеі размясціць на беларускай тэрыторыі ядзерную зброю.
Герой дня – безомоўна – прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які зранку 27-га лютага зрабіў найважнейшую прамову, якую многія беларусы чакалі 30 год, і, безумоўна, ад уласнага, законнавыбранага лідара.
Многія баяцца, што заўтра, пасля ганебнага рэферэндуму, у Беларусі можа пачацца вайна, беларускіх жаўнераў кінуць у атаку на Украіну, што па меркаванні ўсіх прысутных – недапушчальна.
Цікава, што перад пачаткам мітынгу невядомыя аблілі чырвонай фарбай будынак консульства і ўваходную шыльду. Мітынг дазволены, на мерапрыемстве працуе 2 нарады паліцыі.
„Беласток супраць вайны” – крычыць уся вуліца.






Усе спяваюць песню пра расейскі карабель.



Слова бярэ ўкраінка, якая дае каштоўны ўрок патрыятызму: маленькімі крокамі беларускага выхавання і гісторыі, нацыі можна стаць вялізнай ракой. Гучыць заклік сабатаваць унутры Беларусі любыя незаконныя загады і супрацьстаяць вайне.

Гучыць прамова не дапусціць „другі Афганістан” у Беларусі, усяляк спрыяць Украіне ў яе адбіцці расейскага ваеннага ўварвання.




Камплімент у бок паўстанцкага духу трох народаў: беларусаў, палякаў і ўкраінцаў. Пажаданні ўсім народам, каб хапіла волі і сілаў супрацьстаяць навале. У расейскай дзяржаве відавочны разлад, сістэма сыплецца. Шмат залежыць ад беларускіх вайскоўцаў. Ёсць спадзеў, што план „Перамога” у Беларусі спрацуе.
Гучыць заклік да ўсіх беларускіх лідараў і Святланы Ціханоўскай, Рады БНР актыўна звязвацца з украінскімі ўладамі і выключаць Беларусь і Расею з ААН.

Кожная прамова заканчваецца заклікам супраць Пуціна і вайны. На асфальце валяюцца партрэты Лукашэнкі і Пуціна. Ахвочыя топчуць іх.



Ідзе запіс ахвочых, дапамагчы Чырвонаму Крыжу, адрасы збору ежа і медыкаментаў.



Гучыць заклік пасля вайны ехаць ва Украіну і дапамагаць адбудоўваць гаспадарку. Прысутныя спяваюць украінскія песні.

Гучыць зварот пісаць усім знаёмым беларусам, што засталіся ў краіне, што Беларусь стала агрэсарам.

Чарговы пратэсны хэпенінг.
Пад супольныя песні прысутныя махаюць сцягамі. Паліцыя стараецца не пускаць людзей да брамы консульства.






Агучана здагадка, што Пуцін ў любы момант здыме Лукашэнку, бо той Крамлю не патрэбны. І беларусам трэба змагчы ўзяць уладу ў свае рукі.
„Кадыраўцы” з Чачэніі і расейскія кантрактнікі жадаюць крыві. Калі яны скончацца, Пуцін завязе баевікоў з Сірыі і Малі.
Беларусы мусяць да апошняга не ўступаць ў вайну.



Напрыканцы гучыць гімн беларусаў „Пагоня”.


Усе скандуюць: ” Не вайне!!!!”
Мітынг скончаны.
Жыхары Беластоку дзякуюць за такую акцыю.

Беларускае Радыё Рацыя
