У Баброўніках спявалі песні, у Медніках адбіваліся ад “ябацек” (абноўлена)
На памежных пунктах пропуску Баброўнікі на мяжы Польшчы з Беларуссю і Медніках на мяжы Літвы і Беларусі другі дзень праходзяць пратэсты супраць забароны грамадзянам выязджаць з Беларусі, уведзенай па афіцыйных звестках з-за COVID-19.
І калі ў Баброўніках спявалі песні, то ў Медніках адбіваліся ад “ябацек”. Там не абышлося без скандалу, туды з Вільні прыехаў „ябацька”, распавялі ўдзельнікі пратэсту – сябра Кардынацыйнай рады Алег Маісееў, а таксама сябра партыі Народная грамада, экс-давераная асоба Святланы Ціханоўскай Вераніка Мішчанка:
– Мы адазваліся на заклік Паўла Латушкі і падтрымалі яго ініцыятыву. І вось цяпер мы тут усе разам, таму што лічым, што гэта патрэбна для нашага руху.
– Вечар і ноч прайшлі спакойна, а раніцай з Вільні прыехаў сюды віленскі “ябацька” і ўчыніў тут такі невялікі скандал.
– Гэтае відэа ўжо выклалі на АТН Беларусь. Мясцовы літоўскі жыхар, які чамусьці не падтрымлівае нашу ініцыятыву. Ён лічыць, што ў Беларусі можна свабодна жыць і не разумее, што ўсе тыя, хто сабраўся тут, на мяжы, могуць быць толькі з гэтага боку, таму што пры перасячэнні мяжы будуць усе арыштаваныя і трапяць пад крымінальныя справы.
Нагадаем, пратэст на пунктах пропуску накіраваны на тое, каб паказаць нязгоду беларусаў з палітычнымі рашэннямі ў іх краіне, а таксама супраць закрытай Беларуссю мяжы, з-за чаго выехаць адтуль стала праблемай. Пратэст пакуль не перашкаджае праходжанню аўтамабіляў, яго правядзенне ўзгоднена з мясцовымі ўладамі і чакаецца, што ён працягнецца на працягу тыдня.
Забарона на выезд з Беларусі для яе грамадзян дзейнічае з 21 снежня мінулага года, калі быў усталяваны ліміт выездаў па зямлі за мяжу раз на паўгода і тое для асобных катэгорый грамадзян.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
***
Беларусы Польшчы ўжо другі дзень збіраюцца на польска-беларускай мяжы ў Баброўніках, каб заклікаць Еўразвяз увесці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
З месцаў падзеяў паведамляе наш карэспандэнт Вольга Сямашка:
– Зараз на мяжы паміж Беларуссю і Польшчай народу крыху паменела. І, канешне, галоўнае месца зараз каля дарогі займае менавіта Павел Латушка, які сустракае машыны. Па словах мітынгуючых, літаральна ўчора ўвечары быў такі трывалы рух аўтамабіляў з Беларусі. І ўсе, хто ўязджаў, вітаў іх гучаннем сігналаў. Сёння крыху паспакойней, таму што, напэўна, нядзеля, руху амаль няма. Але разбіты намётавы гарадок, там ужо ўсе ўмовы створаныя для побыту. Мясцовыя жыхары ўчора ўвечары прывезлі ваду, дровы, дапамаглі распаліць вогнішча, усяляк там спрыяюць, то бок з суседзямі праблем няма, з уладай таксама. Мітынг ахоўваецца стражам гранічным і паліцыяй. Эксцэсаў ніякіх не назіраецца. І з большага народ сапраўды гатовы перакрыць рух, калі іх патрабаванні не будуць выкананыя.
Таксама я тут сустрэла двух анархістаў, якія прыехалі дапамагаць, маюць вопыт у гэтай справе. Усё вельмі так дружна, па-беларуску, перыядычна выступаюць музыкі. Таму і настрой ва ўсіх бадзёры, і сонейка свеціць, так што ўсё нармальна.
РР: А якія тэрміны гучаць? Калі не будуць уведзеныя вось гэтыя санкцыі, калі збіраюцца перайсці ўжо да перакрыцця руху?
Вольга Сямашка: У аўторак. Калі патрабаванні не будуць выкананыя, дарога будзе перакрыта.
Беларускае Радыё Рацыя, фота Вольгі Сямашкі