Акцыя ў Беластоку: за медыцынскую дапамогу вязням у Беларусі
“Патрабуем адэкватнай медыцынскай дапамогі для палітычных вязняў”. Беларуская дыяспара ў Беластоку правяла чарговую акцыю каля будынка беларускага кансулята.

Выступоўцы, большасць з якіх самі прайшлі праз пераслед і арышты, казалі пра катаванні вязняў у беларускіх турмах, у тым ліку пра не аказанне медыцынскай дапамогі. Сярод выступоўцаў быў грамадскі актывіст, зяць палітвязня Рыгора Кастусёва – Зміцер Антончык:
– Ён перахварэў на каронавірус, лекары там яму давалі лекі. У яго з’явіліся праблемы з ныркамі. У дадатак да таго, ёсць падазрэнні на анкалогію.
Кажа ўдзельнік акцыі:
– Я насамрэч сам на сабе ўсе гэтыя здзекі адчуў, бо адседзеў паўтара месяца на Акрэсціна. Таксама, калі сядзеў у карцары, быў сардэчны прыступ, выклікаў дапамогу, але дапамога была ў выглядзе лекара, які паглядзеў на мяне і сказаў: дыхаеш, ну і добра.
Кажа ўдзельніца акцыі:
– Калі людзям не аказваюць медычную дапамогу ў неабходным аб’ёме. Калі хлоркай апрацоўваюць гэтыя камеры. Калі падсяляюць якіхсьці бамжоў, людзей з вошамі, ці з чымсьці такім. Гэта здзек.
Падчас акцыі таксама ўсе ахвотныя маглі напісаць паштоўку палітычным вязням, працягнуўся і збор подпісаў пад петыцыяй пра афіцыйнае непрызнанне Лукашэнкі і яго ўраду міжнароднай супольнасцю.












Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
