Акцыя ў падтрымку праваабаронцаў у Варшаве



Напярэдадні вынясення прысуду лідарам «Вясны» Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзю Лабковічу ў Варшаве ля беларускай амбасады прайшла акцыя, арганізаваная Amnesty International Polska.

Далучыліся да акцыі і праваабаронцы «Вясны», якія жывуць у Варшаве. Пад амбасадай сабраліся беларусы і палякі. Больш як 30 чалавек трымалі ў руках плакаты і запаленыя знічы. Гэта акцыя салідарнасці з праваабаронцамі, гэта акцыя пратэсту супраць суду над імі і супраць парушэння правоў чалавека ў Беларусі, кажа арганізатарка мерапрыемства Ганна Мікульска:

– Мы арганізуем гэтыя акцыі як рух салідарнасці з палітычнымі вязнямі, якіх пераследваюць у Беларусі. Арганізуем дзень перад абвяшчэннем прысуду для «Вясноўцаў».

Сёння быў вынесены судовы вердыкт кіраўніцтву «Вясны» толькі за тое, што яны сумленна выконвалі сваю працу па абароне людзей ад рэпрэсій рэжыму. Ім пагражае ад 7 да 10 гадоў калоніі.

Беларускае Радыё Рацыя