Акцыя ўшанавання памяці Рамана Бандарэнкі прайшла ў Познані
Вечарам пятніцы, 13-га лістапада, у Познані прайшла акцыя ўшанавання памяці Рамана Бандарэнкі. Ініцыятары сустрэчы выступілі за шырокі распаўсюд інфармацыі аб трагічных падзеях у Беларусі.
Арганізатарка Ксенія Тарасевіч:
– Распаўсюдзьце калі ласка гэтую навіну, таму што веды гэта моц. Распаўсюдзьце звесткі пра тое, што ў нас адбываецца. Пра тое як быў забіты Раман. Як былі забітыя іншыя загінулыя падчас рэвалюцыі. Каб пра гэта ведалі вашыя сябры палякі, каб ведалі вашыя сябры з іншых краін. Каб ведалі тыя, хто яшчэ сумняецца. Бо гэта ўжо пункт незвароту, калі мы ўжо не можам трываць і не павінны маўчаць.
Некалькі дзясяткаў удзельнікаў запалілі знічы і ўсклалі кветкі ў месцы інсталяцыі, прысвечанай беларускай рэвалюцыі.
Сваімі перажываннямі падзяліліся прысутныя на сходзе Мікіта і Наталля:
– Мяне завуць Мікіта. Я прыйшоў яшчэ ўчора, калі быў моцна ўражаны навіной аб забіцці Рамана Бандарэнкі. Тады было толькі шэсць чалавек, але яны таксама былі гэтак жа як і я ўражаны гэтай трагедыяй. Я вызначыў для сябе, што мне трэба прыйсці дзеля свайго сумлення. Мяркуючы па сённяшнім сходзе, я спадзяюся, што мы будзем працягваць сустракацца.
– Мяне клічуць Наталля. Гэта ў першую чаргу важна для нас усіх, беларусаў, якія зараз тут. Балюча разумець, што ты не можаш вярнуцца дамоў. І для мяне было дзіўна, калі мы сабраліся на маім першым такім сходзе, калі я пабачыла сцягі і разумела, што гэта не страшна. Для мяне людзі, якія засталіся ў Беларусі і якія паказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю, для мяне яны ўсе героі.
Акцыі ўшанавання памяці Рамана Бандарэнкі прайшлі таксама ў іншых гарадах Польшчы. Сустрэчы адбыліся ў Варшаве, Беластоку, Кракаве, Лодзі, Бялай-Падляске, Гданьску, Вроцлаве і Торуні.
Стэфан Глушакоў, Беларускае Радыё Рацыя