Актывістка Алена Талстая пра эвакуацыю з Украіны
Беларусам-уцекачам, якім прыйшлося ўцякаць пасля выбарчых пратэстаў 2020 году з Беларусі ва Украіну, цяпер давялося збягаць з Украіны з-за вайны, якую развязала Расея. Многія апынуліся ў Польшчы, дзе з прычыны падтрымкі нелегітымнай уладай Рэспублікі Беларусь агрэсіі Расейскай Федэрацыі на Украіну, яны пазбаўлены якой-кольвек падтрымкі.
„Госць Рацыі” сустаршыня Руху Салідарнасці „Разам” Алена Талстая:
– Насамрэч у мяне ніколі не было думкі, што я пакіну Украіну. Я не шукала нейкіх эмігранцкіх выгодаў. Для мяне Украіна – гэта была трагедыя і барацьба. Тое, што я не магла рабіць у Беларусі, я працягвала рабіць ва Украіне. Я жыла ў Ірпені. Калі не стала суседніх будынкаў і дом, у якім я жыла, пазбавіўся даху, а расейскія войскі ішлі па вуліцы каля майго дома, у пад’ездзе заставалася толькі я адна. Я прыняла рашэнне, што трэба выходзіць. У мяне заставаліся дакументы нашай арганізацыі, гэта рэчы, якія не павінны былі трапіць да расейцаў. Зразумела, што я не прайшла б праз расейскі блок-пост ніякім чынам. Я ведала, што можна перайсці на іншы бок Ірпеня і выйсці да месца, дзе стаялі ўкраінскія вайскоўцы, мінаючы расейскі блокпост. Я ведала, што часта расейцы адкрывалі агонь па бяззбройных людзях. Яны забіралі тэхніку, праводзілі асабісты дагляд людзей. Таму я выбрала гэты іншы шлях, аказалася, што ён быў вельмі небяспечны. Украінскія вайскоўцы вельмі здзівіліся. Яны мяне не застрэлілі толькі таму, што пабачылі, што я жанчына, я на ровары была, каб у аб’езд неяк патрапіць. Яны мяне спачатку прынялі за нейкага дыверсанта, трымалі мяне на мушцы, бо гэта было міннае поле. Яны сказалі: „Тут няма эвакуацыі, штацкія тут не ходзяць. Адкуль вы ўзяліся?” Я сказала, што проста ведаю гэтыя сцежкі, не хацела праходзіць праз расейскі блокпост.
Далейшая мая гісторыя была такая ж, як і кожнага ўкраінца, які пазбаўлены сваёй Бацькаўшчыны, свайго дому, сваёй зямлі, які імкнецца ўратаваць сваіх дзяцей і сваё жыццё. Больш за суткі язды, стоячы ў цёмных цягніках са святломаскіроўкай, прабіраліся нейкімі незнаёмымі шляхамі. Нават правадніца не ведала, па якой дарозе мы едзем. Пад Кіевам была паветраная трывога, была небяспека бамбардавання гэтага цягніка. Гісторыі, якія я чула ад людзей, гэта было проста немагчыма чуць. Гэта былі людзі з Харкава, з Чарнігава, з Ірпеня, з Бучы, з Ворзеля, Барадзянкі, якія змаглі ўратавацца. Фактычна ніякіх зялёных калідораў акупанты не давалі, гэтыя людзі рызыкавалі сваім жыццём, выводзячы дзяцей, свае сем’і з акупаваных раёнаў. Я бачыла, як людзі сталага веку, якія не маглі хадзіць, часта заставаліся ў сваіх дамах. Яны не маглі ўявіць, як можна пакінуць тое месца, дзе ты працаваў усё жыццё, дзе ты кожную капеечку зберагаў, каб штосьці набыць, а цяпер усё гэта кінуць і кудысьці бегчы. У падвалах, калі мы сядзелі са свечкамі, проста размаўляючы пра жыццё, мы разумелі наколькі лёс беларусаў і ўкраінцаў аднолькавы, наколькі мы блізкія.
Актывістка знаходзіцца ў Варшаве. Яна часова жыве ў хостэле, за які пакуль не мае сродкаў заплаціць. Спадзяемся, што беларуская дыяспара не застанецца ўбаку і падтрымае актывістку.
З сённяшняй госцяй Беларускага Радыё Рацыя сустаршынёй Руху Салідарнасці „Разам” Аленай Талстой размаўляла карэспандэнт нашага радыё Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя