Актывісты ў Батумі супраць вайны



Амаль сотня беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў выйшла ў дождж у грузінскім Батумі, каб выказацца супраць вайны ва Украіне.

Акцыя распачалася хвілінай маўчання ў памяць загінулых пад час вайны. Гучалі гімны Украіны, Грузіі і Беларусі, а выступоўцы казалі, якім чынам нават у Грузіі магчыма дапамгчы Украіне:

– Мы па ўсім свеце павінны выступіць, “путлер” накрыў нас ганьбай, да канца жыцця мы ад яе не адмыемся. Мы павінны разумець, што нават тыя, хто змагаўся, мы адказныя перад Украінай, да канца жыцця будзем абавязаныя Украіне. Таму што гэта вайна ўсеагульная, сусветная вайна, вайна чалавецтва супраць тыраніі, супраць тэрору, нацызму, якія зараз праяўляе Расея пад кіраўніцтвам Пуціна. Толькі наша згуртаванасць паўсюль, у кожным горадзе Еўропы, Грузіі, Украіны, Украіна зараз сама паказвае, што такое згуртаванасць, усяму свету.

– Галоўнае, чым мы можам дапамагчы, выходзіць і не забываць кожны дзень. Кожную хвіліну нагадваць, што паміраюць людзі, дзеці сядзяць у бамбасховішчах. І нават тыя заходнія раёны, куды збегаліся людзі з усёй краіны, таксама пацярпелі сёння ўначы ад авіяўдараў.

Штодня кругласуткава ў Батумі працуюе штаб дапамогі Украіне, у якім апроч збора гуманітарнай дапамогі ва Украіну, магчыма дапамагчы і бежанцам, якія дабіраюцца ў аджарскі Батумі.

Беларускае Радыё Рацыя