Актывізацыя турыстычнай сферы паміж Беларуссю і Польшчай (абноўлена)



У Беластоку ўрачыста адкрыўся Пункт турыстычнай інфармацыі Гарадзеншчыны. Ён займае куток у фае Падляшскай оперы побач з беластоцкім Цэнтрам турыстычнай інфармацыі. Чырвоную стужку перарэзала генеральны консул Беларусі ў Беластоку Ала Фёдарава:

– Гэта такі доўгі шлях, па якому мы ішлі, далёкая мэта. На сённяшні дзень мы прыйшлі да таго, што ўжо адкрыты бязвізавы рух паміж Гарадзенскай вобласцю і Падляшскім ваяводствам. Мы будзем удакладняць усе пытанні, якія датычаць перамяшчэння і турызму ў гэтым праекце.  Я спадзяюся, будуць здзейсненыя і наступныя крокі ў гэтым кірунку паміж нашымі краінамі, і не толькі ў галіне турызма.

Бязвізавы рэжым на Аўгустоўcкім канале і ў Белавежскай пушчы – гэта крокі да малога памежнага руху. Такую думку выказала Ала Фёдарава:

– Гэтыя крокі могуць быць разгледжаныя як малы памежны рух на асобна ўзятай тэрыторыі. І гэта добры першы крок у далейшым развіцці. Спадзяюся што ўсе, хто чакае ўвядзення малога памежнага руху, не будуць разачараваныя тым, што адбываецца сёння.

Нагадаем, што Умова аб малым памежным руху паміж Беларуссю і Польшчай была падпісана яшчэ 22 чэрвеня 2010 году, але дагэтуль ня дзейнічае.

26-га кастрычніка ў Гародні пачаў працаваць турыстычна-інфармацыйны цэнтр Падляшша. Ён месціцца на вуліцы Ажэшкі, 38. Вырабленая польскім бокам інфармацыйная прадукцыя для беларускіх турыстаў выканана на расейскай мове. Тлумачыць прадстаўнік маршалкоўскае ўправы Падляшша Богдан Дыюк:

– Як я казаў, мы хацелі, каб разам з пачаткам з’яўлення гэтых магчымасцяў перакрочвання мяжы ў бязвізавым рэжыме, каб адначасова пашыралася інфармацыя пра Падляшскае ваяводства. Расейская мова, побач з беларускай, з’яўляецца ў Беларусі дзяржаўнай і пашыранай, таму мы ўлічылі тыя ўмовы, якія функцыянуюць на тэрыторыі Беларусі.

Актывізацыя ў турыстычнай сферы паміж Беларуссю і Польшчай звязаная з бязвізавым рэжымам, які з мінулага году дзейнічае для замежных турыстаў на беларускай тэрыторыі Белавежскай пушчы, а з нядаўняга часу і на тэрыторыі рэгіёну Аўгустоўскага канала, у якую ўваходзіць у тым ліку і Гародня.

Больш за 120 замежных турыстаў скарысталіся бязвізавым рэжымам на тэрыторыі Аўгустоўскага канала за мінулы тыдзень. Такую лічбу агучыла намесніца старшыні гарадскога выканкама Гародні Зоя Кулеша. Яна прыняла ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці ў Беластоку Пункту турыстычнай інфармацыі Гарадзеншчыны:

– Гэта вельмі важны масток. Гэта невялікі крок, але значны, на які ўжо можна абапірацца, для таго, каб жыхары Гарадзеншчыны і ў цэлым Рэспублікі Беларусь дазнаваліся больш пра Падляшша. У той самы час жыхары Рэспублікі Польшча бачылі, што побач у суседзяў вялікія магчымасці і для адпачынку, і для баўлення вольнага часу, а таксама для знаёмства з гісторыяй, якая ў нас агульная.

Між тым, турысты наракаюць на недахоп англамоўных указальнікаў ды інфармацыйных стэндаў у Гародні. Прадстаўніца гарадзенскіх уладаў абяцае вырашыць гэтую праблему:

– У нас гэта запланавана на пачатак года. Мы ўжо зараз над гэтым працуем. Сапраўды, указальнікі павінны быць адмысловыя, яны адрозніваюцца ад іншых. Для таго, каб турыст, які выязджае на тэрыторыю Аўгустоўскага канала і на тэрыторыю Гародні, арыентаваўся, і не толькі дзе і што знаходзіцца, але і дзе заканчваецца гэтая зона.

Інфармацыйныя пункты для турыстаў, якія адкрыліся ў Гародні і Беластоку, Зоя Кулеша параўнала з блізнятамі, якія з’яўляюцца суседзямі, добра знаёмыя і хочуць адзін другога  ўзбагаціць.

Стась Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота polsha24.com