Алег Аксёнаў: Я проста ідыёт
Семінар „Бяспечная Беларусь. Формы і метады абароны грамадства”, арганізаваны сябрам партыі БХД і сябрам Каардынацыйнай Рады Алегам Аксёнавым скончыўся шокам.

На здзіўленне ўдзельнікаў, па зуме на сувязі з’явіўся не чакаемы еўрадэпутат Ханс з Нідэрландаў, нібы з якім год супрацоўнічаў Аксёнаў, а работнік беларускай спецслужбы Канстанцін Бычак. Гэта ён супрацоўнічаў з Аксёнавым, арганізаваў і аплаціў семінар, гаворыць спадар Алег Аксёнаў:
– Я проста ідыёт, як высветлілася. Чарговая перамога гэбістаў Беларусі. Здарылася так, што амаль год быў у перапісцы з агентам КДБ. Шчыра кажучы, я думаў, што мае сівыя валасы хоць штосьці значаць, аказваецца не, нічога.
Аднапартыйцы спачуваюць Алегу Аксёнаву. Але ў той жа час вінавацяць у недальнабачнасці. Ён год таму адышоў ад спраў партыі, кажа кіраўнік суполкі БХД у Варшаве Яўген Дудкін:
– Прычынай было наша непаразуменне, звязанае са стратэгіяй дзейнасці БХД на эміграцыі, сярод беларусаў. Фактычна нашы прапановы, такія як выказванні, недаверу Вользе Кавальковай, Рымашэўскаму Віталю і Дзянісу Садоўскаму, былі адкінуты Аксёнавым.
Паводле Яўгена Дудкіна, Алег Аксёнаў быў супраць з’езду партыі ў Варшаве, які адбудзецца 10 лютага 2024 года. Таксама невядома, як Аксёнаў трапіў у Каардынацыйную Раду, куды партыя яго не накіроўвала.





Беларускае Радыё Рацыя
