Алег Кабзар: Гэта новы народ, гэта новая Беларусь



Мастак і бард Алег Кабзар ужо даўно жыве ў Беластоку. Але не забываецца пра сваю родную Беларусь. Пра яе складае шматлікія песні.

Іх вырашыў заспяваць зараз, пасля доўгай паўзы, у пабе “Бэстрада” у рамках так званых “Беларускіх канцэртаў” у падтрымку беларусаў.

РР: Што Вы можаце сёння сказаць пра эмацыйную афарбоўку вашага выступлення, таму што яно прымеркаванае якраз да падтрымкі беларусаў у Беларусі, якія змагаюцца супраць Лукашэнкі?

Алег Кабзар: Ужо два тыдні я назіраю за тым, што робіцца ў Беларусі. З кожнай гадзінай я ўсё больш верыў у лепшае, і ганарыўся тым, што я  – беларус. І што мой народ нарадзіўся, такі прыгожы. Гэта новы народ. Гэта новая Беларусь. Вельмі светлая, радасная, нягледзячы на тое, як жорстка з людзьмі абыходзіцца тыран. І тыя метады, якія выкарыстоўвае мой народ – цёплы, спакойны. Гэта не ўкраінцы, зусім іншы тэмперамент.

РР: А што Вы скажаце на тое, што перамены ў Беларусі маюць хутчэй жаночае аблічча? Я кажу зараз і пра трох лідарак, і пра тых жанчын, якія выйшлі на вуліцы з кветкамі.

Алег Кабзар: Так, у Беларусі жаночае аблічча. Мне гэта вельмі падабаецца. Белыя сукенкі, кветкі… Ёсць такі здымак, як нейкая хіпі ў дула аўтамата ўкладае кветку. Гэта 68-ы ці 69-ты год. Гэта пратэст у Амерыцы супраць вайны ў В’етнаме. Паўтараецца сітуацыя. Можна перамагчы зусім іншымі метадамі. Не мілітарнымі, а мірнымі.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыла Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя