Алег Кулеша: Хочам паказаць тое, што адбываецца ў нашай краіне
21-га траўня беларусы ў многіх краінах свету адзначылі Дзень палітвязня. У Варшаве тады ж прэзентавалі плот з фотаздымкамі зняволеных. Хутка гэтая інсталяцыя з’явіцца ў Музеі Вольнай Беларусі – там адкрыецца тэматычныя выстава.
Пра падзею ды іншае наша карэспандэнтка Марына Савіцкая паразмаўляла з „Госцем Рацыі” – былым палітвязнем, фігурантам „карагоднай справы” з Пружан Алегам Кулешам Алегам Кулешам:
– 21-га чысла ў нас адбылася вялікая акцыя, каля плошчы Каперніка. Суполка „Былы палітвязень”, НАУ, BYPOL, АББА і яшчэ Музей Вольнай Беларусі. Мы акурат ладзілі вось гэтую частку, што была каля плошчы Каперніка. Асноўная ідэя была, каб паказаць жудасць усяго, што адбываецца. Каб жыхары Варшавы і госці Варшавы маглі пабачыць, што насамрэч адбываецца ў Беларусі, колькі ў нас палітвязняў. Дзеля гэтага мы зладзілі ўмоўны плот з калючага дроту і ўсё астатняе. Нам дапамагалі ўсе, што прыйшлі. На гэты плот мы павесілі ўсе фота нашых палітвязняў. У Польшчы і не толькі існуе такая суполка былых палітвязняў. Людзі зразумелі, што пра гэта варта казаць увесь час і нагадваць. Мы працуем з Музеем Вольнай Беларусі. Так адбылося, што прыйшлі людзі і мы пачалі рабіць. Калі пачалі рабіць выставу, то зразумелі, што атрымліваецца штосьці неверагоднае. Вырашылі, што зробім выставу, якая адкрыецца 2-га чэрвеня. Ужо можна прыйсці і паглядзець, але афіцыйнае адкрыццё будзе 2-га чэрвеня. Чакаем прадстаўнікоў амбасад ЗША, Канады і Еўразвязу.
РР: Што сабой будзе ўяўляць адкрыццё гэтай выставы?
Ідэя, якая ў нас нарадзілася, гэта паказаць тое, што адбываецца ў нашай краіне, паказаць колькасць нашых палітвязняў. Улічваючы тое, што мы ўжо маем досвед у гэтай працы, мы зрабілі такую своеасаблівую выставу выкарыстоўваючы тое, што мелі. Усё гэта валанцёрства, усё гэта зрабілі з тых сродкаў, што мелі. Тут будуць размешчаны фотаздымкі ўсіх палітвязняў. Мы зараз з вамі з находзімся ў Музеі Вольнай Беларусі і акурат знаходзімся каля сцяга, дзе напісаны імёны ўсіх палітвязняў. Будзе цікава, прыходзьце паглядзець.
Адкрыццё выставы ў Музеі Вольнай Беларусі адбудзецца 2-га чэрвеня.
Беларускае Радыё Рацыя