Алег Латышонак: 11 лістапада Пілсудскі пераняў уладу



11 лістапада 1918 года маршалку Юзафу Пілсудскаму, якога вызвалілі  з турмы ў Магдэбургу, была перададзена ўлада ў краіне. Лічыцца, што тады Польшча стала незалежнай.

Алег Латышонак

Пра гісторыю свята Дня Незалежнасці Польшчы распавядае прафесар Алег Латышонак:

РР: Якое значэнне мела незалежная Польшча для Беларусі?

Алег Латышонак: Калі стваралі свае незалежныя дзяржавы, то практычна ніхто на іншых не азіраўся, кожны стараўся стварыць сваю дзяржаву і вызначаў максімальна шырокія межы. Прычым трэба прыгадаць, што былі хвалі дзяржаваўтварэння. Скажам палякі, а непасрэдна легіянеры ўжо ў 1916 годзе ў Баранавічах паднялі польскі сцяг і зрабілі свята Польшчы, але беларусы пра гэта практычна не ведалі, паколькі фронт раздзяляў Баранавічы і Менск. Калі была абвешчана незалежнасць Беларусі, то беларусы прэтэндавалі на ўсе заходнія абшары Паўночна-Заходняга краю, аж да мяжы з Каралеўствам Польскім. Натуральна палякі мелі іншыя ўяўленні пра межы сваёй дзяржавы, калі лічыць максімум гэтак званую “лінію Дмоўскага” – гэта па Дзвіне і па Дняпры. Пачаткова ніхто нікому не перашкаджаў, паколькі ўсе былі вельмі слабыя і панавалі над усім немцы. Толькі ў 1919 годзе ўжо стала бачна, што беларускія землі будуць аб’ектам спрэчкі, прычым не не толькі палякаў і беларусаў, але яшчэ і літоўцаў ды ўкраінцаў, ну і безумоўна Савецкай Расеі.

РР: Ці была Польшча зацікаўленая ў 1918 годзе тым, каб утварылася незалежная Беларусь?

Алег Латышонак: Не было ўяўлення ні пра якую незалежную Беларусь. Яна ўспрымалася дзесьці за Дняпром і Дзвіной, а Польшча ўяўлялася шмат каму ў межах да падзелаў Рэчы Паспалітай – так бычылі межы. Аддавалі землі першага падзелу, гэта значыць уласна Белую Русь – Полацк, Магілёў, Гомель. Далей Польшча ўжо не павінна была сягаць, але прэтэндавалі на ўсю гэтую тэрыторыю, толькі па-рознаму бачыліся апраўданні гэтых прэтэнзій. Дмоўскі лічыў, што беларусы – гэта этнаграфічны матэрыял і трэба Беларусь далучыць да Польшчы і зрабіць з гэтага этнаграфічнага матэрыяла палякаў. Пілсудскі, як сацыяліст, больш выкарыстоўваў розныя федэрацыйныя ідэі. Тое стаўленне палякаў да беларускай справы вынікала таксама і з таго, што сур’ёзнай беларускай дзяржавы, якая магла б абараніць свае тэрыторыі, тады не існавала.

РР: Якое значэнне 11 лістапада 1918 года мае для саміх палякаў?

Алег Латышонак: 11 лістапада Пілсудскі пераняў уладу і гэта не нагода для святкавання. Я над гэтым задумваўся, бо калі пытаю студэнтаў: “Што адбылося?”. Ніхто не ведае. Польшча стала незалежнай, а калі спытаць, што канкрэтна, то ніхто не ведае. Фактычна нічога не адбылося, прыехаў Пілсудскі, перадалі яму паўнамоцтвы. Усё існавала да гэтага, нічога не памянялася апрача правадыра. Я думаю, што гэта свята больш важнае тым, што адбывалася ўжо пасля падзення міжваеннай Польшчы, у камуністычны час. Тады гэта свята сапраўды набрала значэння свята незалежнасці, ужо ніхто не прыгадваў чаму было ўстаноўлена гэта свята, кім і супраць каго. Гэта было свята палякаў, якія былі за незалежнасць і супраць камунізму. Я ўпэўнены, што такім чынам гэтае свята  набрала сапраўднага значэння і таму святкуецца і цяпер. Я памятаю гэтыя імшы ў Кракаве, у катэдры, на Вавелі, тыя паходы з нагоды 11-га лістапада. Думаю тады гэта свята набрала такога вялікага значэння.

Афіцыйна 11 лістапада ў Польшчы зноў пачалі адзначаць пасля падзення камунізму ў 1989 годзе разам з Днём Канстытуцыі 3 траўня і Святам польскага войска 15 жніўня.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя