Алег Латышонак: Без дыяспары ўжо беларускай меншасці не выжыць



У студыі Беларускага Радыё Рацыя госці падводзяць вынікі сыходзячага году. Чарговы госць — прафесар, гісторык Алег Латышонак.

РР: Спадара Алега ў сыходзячым годзе можна было часта пабачыць у Беластоку на розных мерапрыемствах, у тым ліку і на тых, якія арганізоўвае беларуская дыяспара — культурных і грамадска-палітычных. Можа з гэтага і пачнем. Чаму вы так асабіста заангажаваліся ў гэтыя акцыі беларускай дыяспары?

Алег Латышонак: Перш за ўсё таму, што разумею, што без дыяспары ўжо беларускай меншасці не выжыць. Проста як меншасць мы ўжо «дагараем». Вельмі мала засталося маладых людзей. Гэта пераважна старэйшыя. А старэйшыя, якія былі заангажаваныя ў наш рух 30-40 гадоў таму, то ўжо маюць сталы век – за 50-60 гадоў. Моладзь, не толькі польская, але і беларуская, з Падляшша выязджае ў Варшаву і далей. Так што для нас з’яўленне дыяспары – гэта выратаванне беларускай прысутнасці ў Беластоку. Прытым, я сам, хаця карані маю падляшскія, прыехаў з Эльблонгу. Можа таму лягчэй мне зразумець тых беларусаў, якія нядаўна пасяліліся ў Беластоку.

Па бацьку мая сям’я з даўняй Віленшчыны, з-пад Шаркоўшчыны. Яны таксама ўцяклі перад саветамі. Магчыма таму я гэтак адчуваю. Столькі людзей з Беларусі цяпер мусіла уцячы.

РР: На мапе Беластоку ў гэтым годзе з’явіліся тры актыўныя новыя беларускія кропкі – гэта медыяпорт, гэта гістарычны клуб і хаб «Новая Зямля». Здаецца, вы ва ўсіх трох былі. Якія ўражанні ў вас засталіся?

Алег Латышонак: Вельмі станоўчыя. Паколькі кожная з гэтых кропак розная. Розныя людзі арганізоўваюць. І рознымі справамі займаюцца. Так што вельмі добра, што і журналісты ў нас новыя, і дух вельмі моцны, і гэтыя размовы за півам пра гісторыю вельмі патрэбныя. Я ўжо ўдвух прымаў удзел пры вялікай прысутнасці людзей. І для мяне гэта цікава, бо маю слухача. Тое, што я хачу сказаць, людзям цікава. Хаб толькі пачаў працаваць. Але я ўжо паспеў і там выступіць. І таксама спадзяюся, што і гэтая вялікая прастора будзе запоўнена беларусамі.

РР: А ці адчуваецца нейкая розніца ў светаўспрыманні паміж вамі, прадстаўнікамі вашага пакалення беларусаў-аўтэхтонаў, і тымі беларусамі, якія прыехалі досыць нядаўна?

Алег Латышонак: Даволі вялікая ў пакаленні розніца. Неяк я сказаў Міколу Ваўранюку, што ўсё ж такі гэтых беларусаў з Беларусі не разумею. А Мікола кажа: ты стары ўжо. Напэўна ёсць розніца. Бо ўсё ж такі гэтае пакаленне, што пад Лукашэнкам вырасла, то яны крыху беларусы іншыя. Тым больш, што менавіта ўсё мянялася, свет вельмі памяняўся. Магу сказаць, што калі я першы раз заехаў у Беларусь, на зломе 80-х і 90-х, і стаў знаёміцца з беларусамі, я розніцы не бачыў. Мы былі адно. Пасля тых амаль 30 гадоў, было відаць, што мы ўжо ўсё ж такі іншыя. Паколькі ў нам інакш краіна развівалася, і паланізацыя вельмі хутка ішла. Нас раздражняла, што беларусы фактычна сталі рускамоўнымі. А калі мы пачалі ездзіць, то яшчэ так не было. Каб іншая ўлада, то сёння Беларусь магчыма была беларускамоўная. А бывалі часы, калі беларуская мова была трактаваная з варожасцю. Не раз мае сябры сустракаліся з такім падыходам, з пагардай нейкай. Цешыць, што тыя беларусы, якія ў нас, разумеюць, што без беларускай мовы вольнай і дэмакратычнай Беларуст не можа быць. Калі бачыш, што людзі стараюцца па-беларуску гаварыць, і чуеш беларускую мову нават на вуліцы, то вельмі прыемна.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя