Алег Латышонак: Касцюшка называў сябе і літвінам
У швейцарскім Залатурне беларусы зафундавалі помнік Тадэвушу Касцюшку. 21 кастрычніка чакаецца яго ўрачыстае адкрыццё. Аднак па патрабаванні польскага амбасадара ў Швейцарыі з памятнай шыльды прыбралі ўсе згадкі пра Беларусь. Ці маюць беларусы права ганарыцца Тадэвушам Касцюшкам, і ці з’яўляецца ён сынам Беларусі?
З гэтымі пытаннямі Валянціна Лаеўская звярнулася да старшыні Беларускага гістарычнага таварыства прафесара Алега Латышонка:
РР: Польскі амбасадар у Берне аспрэчыў надпіс „сыну Беларусі ад удзячных суайчыннікаў”.
Алег Латышонак: Цяжка зразумець пазіцыю спадара амбасадара, паколькі нічога тут прыніжальнага для Польшчы няма, ніхто ў Польшчы Касцюшку не забірае. Касцюшка нарадзіўся ў Мерачоўшчыне. Мерашоўчына на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, калі ён нарадзіўся, яна была на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Такім чынам да Польшчы месца нараджэння Касцюшкі не мае ніякага дачынення. Ніхто не аспрэчвае, што Касцюшка быў выдатным палякам, ён безумоўна лічыў сябе палякам, хаця называў сябе і літвінам. Трэба памятаць, што не было такога пачуцця нацыянальнага, як цяпер: „Я паляк і ніхто болей”. Касцюшка быў і палякам, і літвінам, вядома, што быў рускага паходжання, з праваслаўных русінаў яго сям’я выйшла. Заклікаў да бою на ўсіх мовах Рэчы Паспалітай, у тым ліку і на беларускай. У тым надпісе нічога, што б пярэчыла яго польскасці няма. Нават слова суайчыннікі – гэта не суродзічы, гэта не „rodacy” па-польску, а можна перакласці, як суграмадзяне. Я лічу, што гэты надпіс вельмі вытрыманы, каб нікога не пакрыўдзіць. Беларусы на чале з Алесем Сапегам на свае грошы паставілі помнік, хацелі добра, запрасілі палякаў, а тут на пустым месцы ўзнік скандал, невядома чаго і навошта.
РР: Здаецца амбасадар прадстаўнік краіны ў замежжы, чалавек адукаваны, выпускнік Варшаўскага ўніверсітэта, кандыдат навук Ягелонскага ўніверсітэта, у якога наўрад ці могуць адсутнічаць веды гісторыі ці тонкасцяў дыпламатыі. Тым не менш скандал мае месца і працягваецца. Помнік, які павінны адкрыць 21-га чысла, будзе бадай без беларускага надпісу?
Алег Латышонак: Гэта яшчэ пабачым, паколькі фундатары помніка не здаюцца. Адносна спадара амбасадара прыкра двойчы. Па-першае, таму што ён атрымаў ступень кандыдата грамадскіх навук у маёй альма-матэр у Ягелонскім універсітэце. Па-другое, таму што першая яго праца – гэта Цэнтр усходніх даследаванняў (Ośrodek Studiów Wschodnich), заснаваны Маркам Карпам. Думаю, што Марэк, які быў маім сябрам, пераварочваецца ў труне, калі бачыць, што тут адбываецца.
РР: Як гэта можна назваць? Спроба быць звышкарэктным? Бо такія спрэчкі не ўпершыню ўзнікаюць. Напрыклад, нядаўна імя Канстанціна Астрожскага было прысвоена літоўска-польска-украінскай пяхотнай брыгадзе. А тут такія спрэчкі з-за надпісу на помніку Касцюшкі.
Алег Латышонак: На мой погляд спадар Кумох выказаўся няведаннем гісторыі і слабасцю, як дыпламата, паколькі не павінен быў гэтага рабіць. Я ўжо з некалькімі сябрамі палякамі гаварыў, яны абураны і не могуць паверыць, як гэта можа быць. Вядома, што старшыня фонду Тадэвуша Касцюшкі спадар Отрэмбскі з Кракава выказаў незразуменне, як гэта можа быць. Ён дапамагаў у пабудове гэтага помніка выявамі Касцюшкі. Гэта тое, што павінна злучаць палякаў і беларусаў, тут робіцца прадметам спрэчкі. Гэта абезнадзейвае, бо столькі людзей стараецца, а на канец як заўсёды выходзіць нейкі пшык.
РР: Вяртаючыся да Касцюшкі, колькі ў ім беларускага?
Алег Латышонак: Беларускае ў яго паходжанне. Ён быў палымяным польскім патрыётам, калі гаварыў пра сябе, як пра літвіна, то хутчэй у такім рэгіянальным сэнсе. Яго сям’я спачатку была праваслаўнай, пасля была кальвінісцкая, а на канец ужо прынялі рымскі каталіцызм. Маці яго была з уніятаў, таму Касцюшка рабіў ахвяраванні ва ўніяцкія цэрквы. Я яшчэ раз хачу падкрэсліць, ніхто не аспрэчвае польскасці Касцюшкі. Ён у амаль сённяшнім сэнсе быў палякам і марыў, каб усе гаварылі па-польску, гэтаксама ў яго родных мясцінах. Ідзе пра тое, што Мерачоўшчына знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, то нельга адмаўляць, што ён быў сынам Беларусі. Тое самае тычыцца ўсіх выдатных людзей, усіх людзей, якія паходзяць з гэтай тэрыторыі. Ці гэта палякі, ці гэта габрэі, ці расейцы, бо таксама процьма такіх, і ўкраінцы. У кожнай нацыі можна знайсці выхадцаў з Беларусі, якія не мелі ў XVIII-XIX стагоддзі беларускай нацыянальнай свядомасці, бо мець не маглі. Тады былі іншыя назвы ды іншае пачуццё нацыянальнае, але трэба ўшанаваць права беларусаў ганарыцца такімі людзьмі, дбаць пра месцы іх нараджэння, ставіць ім помнікі, паколькі такія людзі, як Тадэвуш Касцюшка, ён можа найбольш вядомы ў свеце, яны таксама нашыя, паколькі нарадзіліся на беларускай зямлі. Прытым ён яшчэ і паходзіў безумоўна з беларускай сям’і. Не бачу праблемы, чаму не ганарыцца Касцюшкам і палякам, і беларусам, і амерыканцам.
РР: Ці могуць беларусы Падляшша ў сувязі з гэтым нешта зрабіць?
Алег Латышонак: Думаю, што без каментара гэта не пакінем. Не буду гаварыць за ўсіх беларусаў Падляшша, магу сказаць, як старшыня Беларускага гістарычнага таварыства, што мы гэта моўчкі не пакінем, дакладна нейкую заяву зробім.
Прафесар Латышонак ад імя Беларускага гістарычнага таварыства плануе накіраваць зварот прэзідэнту Польшчы, паколькі 2017 год абвешчаны Сеймам годам Касцюшкі, а прэзідэнт узяў ганаровы патранат над усімі мерапрыемствамі, прымеркаванымі герою, 200-годдзе з дня смерці якога будзе адзначацца 15 кастрычніка.
Польскае МЗС ужо адрэагавала на гэты інцыдэнт і прызнала, што Тадэвуш Касцюшка з’яўляецца героем Польшчы, Літвы і Беларусі, а таксама Злучаных Штатаў, універсальным героем усяго чалавецтва, а не выключна „сынам Беларусі ці польскім генералам”.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя