Алег Латышонак: Марш у Гайнаўцы – правакацыя
Марш у гонар выклятых жаўнераў у Гайнаўцы мае яўна правакацыйны характар, лічыць прафесар Алег Латышонак. „Нам, беларусам Беласточчыны, трэба, аднак, захаваць стойкасць, не паддавацца на правакацыю і рабіць сваё”:
– Хутка будзе 25 сакавіка, якое мы павінна годна адсвяткаваць. Павінны ўшаноўваць ахвяраў. Але не па іхных тэрмінах, а па сваіх. Не таму ехаць у Залешаны ці Зані, што нейкія нацыяналісты арганізуюць Марш выклятых жаўнераў, а толькі з патрэбы сэрца і ў свой час. Мы наогул не павінны адказваць на нейкія правакацыі, трэба іх трактаваць так, быццам іх не было.
24 лютага ў Гайнаўцы пройдзе ўжо трэці Марш памяці выклятых жаўнераў, удзельнікі якога на штандары выносяць Рамуальда Райса «Бурага» – забойцу мірных жыхароў Беласточчыны, беларусаў.
У гэты дзень запланаваны малітвы ў памяць ахвяраў «Бурага» ў Гайнаўцы і Залешанах. Апоўдні суботы на пляцы каля гарадской управы Гайнаўкі пройдзе акцыя “вечная памяць”, на якую прыйдуць людзі, каб запаліць свечкі ў памяць ахвяраў.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Marcin Onufryjuk