Алег Латышонак: Спадзяюся нас будзе многа на асвячэнні помніка ў гонар Святой Марыі Петручук
“Спадзяюся нас будзе многа на асвячэнні помніка ў гонар Святой Марыі Петручук са Шпакоў”, – кажа старшыня Беларускага гістарычнага таварыства і сябра ініцыятывы “Наша Памяць”, прафесар Алег Латышонак. 30 ліпеня на праваслаўных могілках у Малешах у 14.30 адбудзецца ўрачыстасць асвячэння. Помнік поўнасцю пабудаваны за грамадскія ахвяраванні, сабраныя ініцыятывай “Наша памяць”:
– Сабралі адпаведную суму – 40 тысяч злотых. Тут пры нагодзе ўсім, хто ахвяраваў на пабудову помніка, вельмі дзякую, і спадзяюся, што будзе нас многа на асвячэнні помніка 30-га.
Гэта першы помнік ахвярам “крывага рэйду “Бурага” па беларускіх вёсках Падляшша, створаны за прыватныя ахвяраванні. Як яшчэ можам ушаноўваць памяць пра падзеі пачатку 1946 года, – кажа прафесар Алег Латышонак:
– Па-рознаму тая ініцыятыва можа праяўляцца. Напрыклад, выданне кнігі Дарафея Фёніка пра парафію Малешы. Гэта ўжо ёсць уклад у гэтую памяць, паколькі, безумоўна, трэба выдаць кнігі, прысвечаныя ўсім спаленым вёскам, каб проста было паказаць, якія глыбокія карані ў жыхароў гэтых вёсак, якіх хацелі з гэтай зямлі выгнаць.
У 2020 годзе Сабор епіскапаў Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы абвясціў усе ахвяры злачынства аддзелу польскага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса псеўданім “Буры”, святымі і ўпісаў іх у лік пакутнікаў Падляшскай зямлі. Сярод іх – 17-гадовая Марыя Петручук са Шпакоў, якая супраціўлялася згвалтаванню з боку жаўнера “Бурага”, за што паплацілася жыццём.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя