Алег Латышонак: Ёсць палякі, якія адмаўляюць гістарычную праўду
Сёлета рэпартаж нашай калегі Валянціны Лаеўскай “Я іх бачу” намінаваўся на ўзнагароду “Гістарычны рэпартаж года” польскага Інстытута нацыянальнай памяці. Рэпартаж распавядае пра злачынствы аддзела польскага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса, псеўданім „Буры”, у беларускай вёсцы Залешаны ў студзені 1946 года.
Яна Запольская і Алег Латышонак
Намінацыя выклікала серыю абразлівых артыкулаў у польскіх ультраправых СМІ на адрас і журналісткі, і самой тэматыкі.
Каментуе Алег Латышонак – гісторык, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы, прафесар на гістарычна-сацыялягічным факультэце Універсітэта ў Беластоку.
Нашае Беларускае Радыё Рацыя і нашая калега Валянціна Лаеўская накіроўвалі ў СМІ, якія змясцілі такія абразлівыя артыкулы, патрабаванне надрукаваць абвяржэнне, аднак звароты засталіся без адказу. З адмысловым зваротам у абарону Валянціны Лаеўская выступіла Беларускае Гістарычнае Таварыства, прадстаўнік таварыства Алег Латышонак у нашай студыі.
РР: Спадар Алег, гэта была таксама ваша асабістая пазіцыя?
Алег Латышонак: Безумоўна, тут нават не трэба было ніякіх галасаванняў, дарэчы, Валянціна Лаеўская сябра нашага таварыства і ўсе мы тут аднадумцы. Гэта тэма наогул вельмі хвалюе і ўжо даўным даўно, калі толькі стала магчымым стараўся паказаць, што гэта адбывалася, разам з Юрыем Калінам. Вельмі прыкра, што ёсць такія палякі, нават іх пабольшала, якія адмаўляюць гістарычную праўду. Для іх тое, што хтосьці змагаўся за тыя ідэі, прыхільнікамі якіх яны з’яўляюцца, паказчык таго, што ён добры і колькі б там не было ахвяраў, колькі б не перабіў нявінных людзей – гэта ў імя дабра, вышэйшай мэты незалежнасці Польшчы. Не можа быць так, што можна забіваць невінаватых мужчын, жанчын, дзяцей ні ў чым невінаватых, толькі таму, што хтосьці нібы мае вышэйшыя мэты. Не разумею чаму тут трэба паказваць цэлы баявы шлях “Бурага”, які безумоўна біўся супраць камунізму і з узброенымі прадстаўнікамі новай сістэмы, але гэта нічога не мяняе – забіў невінаватых людзей, увесь яго баявы шлях не робіць гэта справядлівым.
РР: Вось вы сказалі, што пабольшала на вашую думку тых людзей, якія не хочуць прызнаваць вось гэтай гістарычнай праўды, маеце сваё тлумачэнне чаму так адбываецца?
Алег Латышонак: Я тлумачэння не маю, бо думаў, што гэта будзе на пачатку 90-х, што ў 90-х гэта адбудзецца і пасля будзе сыходзіць, а тут чым далей, тым болей гэтага. Ужо створаны цэлы культ гэтых “выклятых” ці “праклятых жаўнераў”, нават не ведаю як гэта па-беларуску дакладна перакласці. Гэта абсалютна не гістарычны тэрмін, не навуковы, але ўжо так сталі пра гэтых людзей пісаць. Абсалютна цяпер не дазваляецца пісаць нічога з праўды, што было – гэта таксама думаю тычыцца не толькі невінаватых ахвяраў сярод беларусаў, але былі і сярод палякаў шмат дзе. Тыя, якія цяпер велічаюцца, ведаю нават у сваіх родных мясцовасцях часта лічацца сапраўды праклятымі. Цяжка растлумачыць чаму гэта так дзеіцца, могу толькі проста сцвердзіць факт, што відавочна.
РР: Скажыце калі ласка, калі мы аналізуем такія гістарычныя падзеі, то мусіць быць такі цвярозы погляд на гэтыя падзеі. Паводле вас, у польскім грамадстве градус панізіўся да такога цвярозага падыходу ці наадварот павысіўся?
Алег Латышонак: Панізіўся, відавочна, бо раней усе ж такі былі больш такія дыскусіі пра факты, не было спараджэння культаў, а цяпер ужо бачу культ гэтых “выклятых жаўнераў”, культ “крэсаў” таксама. Чым даўжэй Польшча не мае гэтых “крэсаў усходніх”, тым большы культ. Чытаю назвы гэтых кніг і можа падацца, што там была нейкая “Аркадыя”, так добра ўсім, аж дзіўна што гэта знікла.
Прафесар Алег Латышонак пракаментаваў у нашым эфіры сітуацыю вакол ацэнкі падзей 1946 года, звязаных з пацыфікацыяй беларускіх вёсак на Падляшшы, а таксама праявы неталерантнасці ў сувязі з гэтымі ды іншымі падзеямі.
Гутарылі Улад Грынеўскі ды Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя