Алег Юрчык: Наша мара – развіць паўнавартасную Беларускую школу ў Беластоку
У Беластоку ў Цэнтры грамадскай актыўнасці па адрасе: вул. Св. Роха, дом 3, запрацавала Беларуская школа. У яе запісалася больш за 40 дзяцей, аднак ахвочыя з 1-га па 4-ы клас яшчэ могуць быць прынятыя на навучанне па-беларуску. 5-ыя і 6-ая класы з-за недабору жадаючых па горадзе навучаюцца ў анлайн фармаце.
Пагутарылі з загадчыкам Беластоцкага філіяла Беларускай школы ў Варшаве, Алегам Юрчыкам, пра тое, як працуе Беларуская школа ў Беластоку; хто выкладае ў ёй і па якіх падручніках; якія перспектывы для развіцця Беларускай школы ў Беластоку існуюць зараз і ці гатова школа №4 Беластока з беларускай мовай навучання прыняць Беларускую школу ў сваіх сценах.
РР: У Беластоку адкрылася сапраўдная Беларуская школа для дзяцей тых людзей, якія пакінулі Беларусь, не маюць грамадзянства Польшчы і не маюць мажлівасці навучання на беларускай мове. Так?
Алег Юрчык: Так, але я не назаву гэта сапраўднай беларускай школай, бо ўсё ж такі дзецям даводзіцца ад панядзелка да пятніцы хадзіць у дзяржаўныя польскія школы, каб вучыцца. А нашая школа больш суботняя. Там дзеці маюць магчымасць вучыць беларускую мову, беларускую літаратуру, а таксама вывучаць такі прадмет як “Чалавек і свет”, па-іншаму ён называецца “Мая Радзіма Беларусь”, дзе мы закранаем пытанні гісторыі, культуры, нашых традыцый, а таксама геаграфіі.
РР: Пра такую нядзельную школу шмат казаў Офіс Ціханоўскай. Бо беларусы Польшчы накіроўвалі просьбы зрабіць такую школу. Вы неяк павязаныя з Офісам, ці гэта была ўласная ініцыятыва і хто з’яўляецца ініцыятарам яе стварэння?
Алег Юрчык: Ініцыятарам стварэння з’яўляецца спадар Алесь Лозка, які ўтварыў у мінулым годзе такую школу ў Варшаве. І менавіта ён у гэтым годзе вырашыў, што трэба пашыраць геаграфію. Я ведаю, што гэта грант Еўразвяза. Ці звязана гэта неяк з Офісам, я дакладна сказаць не магу.
Так, у Беластоку бацькі ўжо даўно шукалі магчымасці, каб вучыць дзяцей па-беларуску. Нават даведаліся, што ёсць тут такая 4-я школа Беластока, дзе праходзяць заняткі. Я нават туды звяртаўся, але адказ прыйшоў такі, што для таго, каб удзельнічаць у гэтых занятках, трэба мець грамадзянства Польшчы. Таму што яны накіраваныя на беларускую нацыянальную меншасць.
РР: Калі было абмеркаванне беларускай школы ў Беластоку, некаторыя бацькі агучвалі апасенні, што дзеці пасля пяці дзён навучання ў польскай школе не вытрымаюць навучання на выходных яшчэ і ў беларускай школе. Як вашыя навучэнцы спраўляюцца з такой нагрузкай?
Алег Юрчык: Мы толькі пачалі. Яшчэ цяжка рабіць высновы. Ужо больш, можа, пасля першага семестру, альбо нават першага навучальнага года мы больш дакладна скажам. Я спытаўся ў суботу, якія матывы ў дзяцей і бацькоў, каб ісці ў гэтую школу. І, зразумела, што гэта жаданне вучыцца па-беларуску, мабыць, пераадольвае нашу ляноту, альбо стомленасць нейкую. Таму, я думаю, такія матываваныя дзеці абавязкова будуць хадзіць.
Ахвотныя вучыцца па-беларуску ў Беластоку могуць запоўніць заяўку па адмысловай спасылцы ад Беларускай школы ў Варшаве з філіяламі ў гарадах Польшчы.
Спасылка на заяўку: ТУТ.
Цалкам гутраку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя