Алена Базюк: Мы захоўваем традыцыі легендарнай Віленскай гімназіі



Амаль 400 беларускіх дзяцей навучаецца цяпер у гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільні. Гэта дзеці і з асяроддзя новай хвалі эміграцыі, і з асяроддзя этнічных беларусаў.

Як кажа настаўніца гімназіі Алена Базюк, адна з галоўных мэтаў працы гімназіі – гэта захаванне традыцый школы, закладзеных яшчэ братамі-Луцкевічамі:

Каб не забывалі сваіх каранёў. Захоўваем традыцыі. Святаў вельмі шмат. Частка нашых традыцыяў захаваныя з той Віленскай беларускай гімназіі, што была ў даваенны перыяд і ў час вайны таксама. Званочак, які гучаў раней, мы яго маем, захоўваем, ён гучыць у нас у пэўныя святы. Гэта адна з нашых традыцыяў. Ушаноўваем могілкі беларускіх дзеячаў. Водзім дзетак, каб ведалі, дзе яны пахаваныя. Гэта таксама стала традыцыяй. І гучыць беларуская мова, на кожным свяце ўсё гучыць па-беларуску, і гэта таксама наша традыцыя.

Гімназія імя Францыска Скарыны ў Вільні працуе ўжо 29 гадоў, але яе карані адносяцца да 1 лютага 1919 года, калі браты-Луцкевічы адчынілі Віленскую беларускую гімназію.

Беларускае Радыё Рацыя