Алена Глагоўская: „Хатку” ўсе атаясамлівалі з беларусамі
30-ць гадоў таму ў Гданьску ўзнікла Беларускае культурнае таварыства „Хатка”.
„Госць Рацыі” гісторык Алена Глагоўская, якая найбольш спрычынілася да яго стварэння.
РР: Ці ёсць сёння час на святкаванне гэтага юбілею?
– Лічу, што кожная нагода добрая для святкавання. Мы думалі, як гэта адсвяткаваць і магчыма гэта неяк яшчэ адсвяткуем. 22-га траўня 1992 года стваралі Беларускае культурнае таварыства „Хатка”, але яно было фармальна зарэгістравана толькі 26-га сакавіка 1993 года. Думаю, што такое гучнае святкаванне можам зрабіць толькі з нагоды 25-га сакавіка ў будучым годзе. Ужо нават ёсць нейкія планы.
РР: Ці можаце ўзгадаць той час, калі стваралася арганізацыя?
– Тады паўстала шмат беларускіх арганізацый, якія існуюць да сёння. Беларусы ў Гданьску на той час існавалі як аддзел Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Фактычна мы мелі звязаныя рукі таму, што былі залежныя ад галоўнага праўлення ў Беластоку. Усім хацелася нешта рабіць, неяк дзейнічаць у гэтым новым фармаце, таму і вырашылі стварыць сваю незалежную арганізацыю, гэта была галоўная нагода. На той час быў такі нюанс, што Галоўнае праўленне Беларускага грамадска-культурнага таварыства адмовілася ад свайго памяшкання, якое займала з 1970 года па вуліцы Długi Targ 10/12. Мы мелі надзею, што калі створым новую арганізацыю, то нам удасца захаваць гэтае памяшканне. На жаль, працэс рэгістрацыі трываў доўга, амаль год, таму мы страцілі гэтае памяшканне. Але ўсё роўна фармальная самастойнасць дала нам падставы для незалежнай дзейнасці і каб атрымаць памяшканне ад уладаў Гданьску ці Сопату. Дзякуючы таму, што мы зарэгістраваліся, мы ўвесь час мелі памяшканне. Дагэтуль маем памяшканне ў Сопаце ад прэзідэнта горада Сопату, за якое не плацім. Там ёсць яшчэ іншыя арганізацыі, але яно нашым умовам адпавядае. На працягу 30-ці гадоў мы памянялі шмат памяшканняў. Спярша ў Гданьску было адно, у Сопаце другое, а цяпер трэцяе. Прынамсі можам самастойна рабіць тое, што хочам.
РР: Амаль ніводнае мерапрыемства ў трыгорадзе без вас не абыходзілася.
– Так, дакладна. Мы там пачынаючы з 90-х гадоў самастойна, спярша з іншымі арганізацыямі нацыянальных меншасцяў – з украінцамі, літоўцамі, габрэямі, татарамі, немцамі арганізоўвалі фестывалі нацыянальных меншасцяў у Гданьску. У 2004 годзе яны набылі новы фармат, арганізатарам стаў горад Гданьск, а арганізацыі меншасці, як суарганізатары. Гэта ўжо не фестывалі нацыянальных меншасцяў, а Дні нацыянальных меншасцяў. Мы па сваіх магчымасцях праводзілі штодва гады, а зараз гэта ўжо ўвайшло ў каляндар пастаянных культурных імпрэзаў у Гданьску. Самаўрадавыя ўстановы Гданьска супрацоўнічаюць з намі, фактычна мы выпрацоўваем фармат гэтых імпрэзаў, як найбольш зарыентаваныя. У дзевяностыя, двухтысячныя гады супрацоўнікі адміністрацыйнага апарату незалежна ад горада маглі не ведаць, што поўная назва Беларускае культурнае таварыства „Хатка”, але „Хатку” усе атаясамлівалі з беларусамі, якія пражываюць у трыгорадзе.
Беларускае Радыё Рацыя