Алесь Адамковіч: Пленэр праводзім у складаных умовах
У Вільні адбываецца традыцыйны мастацкі пленэр «Вільня ў вачах беларускіх мастакоў». З-за эпідэміялагічнай сітуацыі і з-за палітычных праблем у Беларусі не ўдалося трапіць у Вільню большасці запрошаным беларускім мастакам. На пленэр прыехалі толькі тыя мастакі, якія заехалі ў Літву праз трэцюю краіну, і таксама беларускія мастакі з Польшчы.
Распавядае арганізатар пленэра старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч:
– Пленэр праводзім у складаных умовах, як палітычных, так і эпідэміялагічных, таму шмат цяжкасцяў. Найперш, запрасіць і прывезці саміх мастакоў. Гэта асноўная цяжкасць. І ў сёлетнім пленеры возьмуць удзел усяго некалькі мастакоў. Магчыма мы зробім пленэр у два этапы – зараз і ў кастрычніку. Магчыма ў кастрычніку штосьці зменіцца і прыедзе трошкі больш мастакоў.
Таварыства беларускай культуры ў Літве ўжо стварыла, дзякуючы сваім пленэрам, адмысловую калекцыю карцін беларускіх мастакоў, прысвечаных Вільні. Перыядычна Таварыства наладжвае па ўсёй Літве выставы, на якіх дэманструюцца гэтыя творы. Такая выстава працавала ў Доме культуры ў Новай Вільні, дзе адбываўся Другі фестываль беларускай фальклорнай песні «Беларусь старажытная».
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя