Алесь Бяляцкі: Беласток – важны цэнтр ведаў пра Беларусь
Пра дэмакратычныя змены ў Беларусі ў сямідзясятых і васьмідзясятых гадах, і пра сённяшнюю сітуацыю расказваў у Беластоку праваабаронца Алесь Бяляцкі. Цыкл лекцыяў прайшоў у мясцовым універсітэце.
Студэнты даведаліся таксама пра геапалітычнае становішча Беларусі, а таксама пра беларускую культуру і яе ўплыў на палітыку і грамадскасць.
Паводле Алеся Бяляцкага, Беласток з’яўляецца важным цэнтрам ведаў пра Беларусь і варта працягваць тут падобныя ініцыятывы:
– У пэўным сэнсе так гэта было і падчас беларускага адраджэння пачатку 20 стагоддзя, і значэнне інтэлігенцыі ў працэсах дэмакратызацыі, у працэсах станаўлення незалежнасці Беларусі, яно дастаткова вялікае. Іншая справа, што ў чым я бачу, не выканана роля інтэлігенцыі – гэта ў перадачы сваіх ведаў, сваёй місіі як раз шырокім беларускім масам. Бо мала таго, каб толькі пісьменнікі, мастакі думалі пра будучае Беларусі, трэба каб як мага больш беларусаў задумвалася пра тое, што нас чакае заўтра, паслязаўтра, як нам адбудаваць сваё жыццё, каб яно было бяспечным і больш-менш багатым, бо жыць у беднасці ніхто не хоча.
Мы на свае вочы ўбачылі, як Беларусь стала незалежнай, мы прыклалі свае намаганні на столькі, на колькі маглі для гэтага. Іншая справа, што канешне ж мы атрымалі не такую незалежнасць, якую б мы хацелі. Вось гэта таксама парадокс жыцця, што ты хочаш адно, хочаш штосьці больш ідэальнае, такое нармальнае, а атрымліваецца штосьці зусім іншае, не тое што ты хацеў. Вось так і з гэтай нашай незалежнасцю, бо пачынаючы з 1994 года прэзідэнт Лукашэнка робіць усё дзеля таго, каб паставіць гэтую нашую незалежнасць пад вялікае пытанне. Гэта і бясконцыя саюзныя дамовы з Расеяй, якія заключаліся ў 90-х гг. Гэта і апошні праект пабудовы вось гэтага эканамічнага ЕўрАзЭС, які таксама мае палітычны кантэкст. Гэта ягоныя асаблівыя шчыльныя адносіны з расейскім кіраўніцтвам, і вайсковае супрацоўніцтва, і супрацоўніцтва спецслужбаў, міжнароднае супрацоўніцтва палітычнае. Гэта ўсё пытанні, якія канешне ж робяць Беларусь на сённяшні дзень не цалкам самастойнай дзяржавай, хаця ў свеце цяжка знайсці такіх самадастатковых дзяржаў. Тым не менш саюз з Расеяй – гэта далёка не лепшы выбар, і я б сказаў, што гэта вельмі кепскі выбар, які ставіць незалежнасць пад пытанне.
Тэма Беларусі з’яўляецца вельмі натуральнай у Беластоку. У Беластоцкім універсітэце мусіць развівацца беларусістыка і вывучэнне беларускай культуры і беларускай грамадска-палітычнай сітуацыі. Натуральна, каб Беласток стаў такім цэнтрам дапамогі, вывучэння, кансультацый і разумення таго, што адбываецца на ўсходзе ад Польшчы.
У Беластоку Алесь Бяляцкі прачытаў пяць лекцый. Арганізатарам сустрэчаў з’яўляецца Сацыялагічна-гістарычны факультэт Універсітэта ў Беластоку.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток