Алесь Чумакоў выступіў з гуслямі ў Варшаве
На гуслях можна граць не толькі рыцарскія балады. Гэта прадэманстраваў у Варшаве ўдзельнік гурта „Стары Ольса” Алесь Чумакоў. Выступаючы ў Беларускім Доме, музыка зайграў на ўласнаручна зробленым інструменце такія хіты, як „Простыя словы” і „Паветраны шар”, а таксама беларускамоўныя пераклады песняў Высоцкага і шмат чаго іншага.
Прэзентаваў Алесь Чумакоў і перакладзеныя на беларускую мову ірляндзкія спевы на паўстанцкую тэматыку:
– Праспяваў гэта па-беларуску, яно цалкам гучыць пра нашых герояў – Касцюшку, будзе песня пра Эмілію Плятэр. Гэта песня будзе пра герояў пакараных смерцю на Лукішскай плошчы. Наступная песня будзе пра атрад Людвіка Нарбута, іх паспяховае, доўгачасовае змаганне з расейскімі войскамі на Лідчыне.
Наведнікі засталіся пад уражаннем ад камеральнага канцэрту. Гаворыць прафесар Зыгмунт Салёні, былы выкладчык Варшаўскага ўніверсітэту:
– Пражыў ужо 80 гадоў, быў на многіх канцэртах, уражанні цудоўныя. Чагосьці падобнага не спадзяваўся.
Сустаршыня Беларускага Дому Алесь Зарэмбюк:
– Гэта проста талент і вельмі класны інструмент. Засталіся самыя пазітыўныя ўражанні.
Увесь рэпартаж слухайце ў далучаным файле:
Як патлумачыў сам Алесь Чумакоў, папулярызацыя гусляў – гэта яго мэта. Паводле музыкі, на гэтым інструменце можна граць абсалютна любы жанр спеваў.
Беларускае Радыё Рацыя, Варшава