Алесь Кіркевіч: “Басовішча” – феномен беларускай культуры



Гарадзенскі публіцыст і журналіст Алесь Кіркевіч, які некалькі разоў у пачатку 2000-х наведваў фестывалі “Басовішча”, лічыць гэты фэст унікальнай культурнай падзеяй.

Кажа Алесь Кіркевіч:

– „Басовішча” – гэта знакавы феномен нашай беларускай культуры. Гэта фестываль, дзе ты можаш не толькі паслухаць знакавых выканаўцаў, асабліва раней, калі былі забароненыя іх выступы на радзіме ў Беларусі. На „Басовішчы” ты мог з імі сустрэцца, сесці за стол пад нейкай елкай, сасной, паразмаўляць. То бок, гэта таксама месца збору, месца збору андэграўнда, месца збору культурнай эліты, інтэлігенцыі.

На думку Кіркевіча, ён будзе шкадаваць, калі гэты ХХХ фэст “Басовішча” стане апошнім.

– Тое, што фестываля больш не будзе… Магчыма ўсё ж такі яго час адышоў, свае задачы ён выканаў. Але зноў жа будзе вельмі прыемна, калі „Басовішча” застанецца можа быць феноменам лакальнай культуры Гарадзеншчыны і Падляшша. Каб беларусы прыязджалі і ведалі, што на Падляшшы жывуць таксама беларусы, нашы крэўныя. Каб людзі з Падляшша адчувалі сваю сувязь з метраполіяй, з Беларуссю і не адчувалі сябе забытымі. Таму я, шчыра кажучы, хацеў бы, каб фестываль застаўся. Ну але будзе, як будзе…

ХХХ юбілейны фестываль “Басовішча” адбудзецца 19-20 ліпеня 2019 году ў Гарадку, што на Беласточчыне, і ён збяре лепшых зорак беларускага року, а таксама стане апошнім, які ладзіць “Беларускае Аб’яднанне Студэнтаў”.

Беларускае Радыё Рацыя