Алесь Кіркевіч: Дапамагчы беларусам зразумець горад, у якім пачынаем жыць!
У мінулую суботу Гістарычны клуб Beer&History правёў экскурсію-шпацыр для беларусаў, якія толькі прыехалі і пачынаюць адкрываць горад для сябе.
Пра акалічнасці экскурсіі па горадзе пад назвай „Як Беласток стаў Беластокам” распавёў гісторык Алесь Кіркевіч:
– Галоўная мэта на сённяшні момант, даць уяўленне тым беларусам, якія тут знаходзяцца, што гэта за горад, у якім яны жывуць. Жывучы не на Радзіме, жывучы за яе межамі трэба мець павагу да таго месца, дзе ты жывеш, ведаць яго гісторыю. Праблема Беластока ў тым, што ён быў разбураны. Кажучы пра некаторыя месцы даводзіцца казаць людзям „уявіце сабе”, альбо „паглядзіце старыя фотаздымкі”. З іншага боку гэта фантастычны феномен аднаўлення ў 1950-х гадах, як феномен аднаўлення Варшавы. Можам убачыць гістарычныя аб’екты, якіх магло не быць, як у выпадку з Менскам, калі ўсё было перабудавана нанова.
Па словах гісторыка, найбліжэйшым часам таксама запланаваны экскурсіі для беларусаў па Беластоку яўрэйскім і нямецкіх месцах памяці горада.
Беларускае Радыё Рацыя