Алесь Краўцэвіч: Гэта парад гістарычнай навукі



Польшча, Балтыя, Еўропа – пад такім загалоўкам у Шчэціне ў заходняй Польшчы стартаваў 19-ты ўсеагульны з’езд польскіх гісторыкаў. Гэта мерапрыемства, якое праходзіць кожныя 5 гадоў з мэтай вызначэння найважнейшых накірункаў развіцця гісторыі як навукі ў Польшчы.

Kraucevich Ales

Прысутнічаюць там таксама замежныя госці, сярод іх гісторык з Беларусі Алесь Краўцэвіч:

– Прыязджаю на гэтыя з’езды як госць. Гэта наша мара, каб гістарычна навука ў Беларусі такую вагу набыла, як набывае навука гістарычная ў Польшчы. Я не ўпэўнены, што гэты з’езд мае вялікае навуковае значэнне, гэта парад, гэта прыцягненне ўвагі ўсёй краіны, што ёсць такая моцная навука, што ёсць такія людзі ўплывовыя – гісторыкі. Тут каля 2000 удзельнікаў.

Для ўдзелу у з’ездзе гісторыкаў у Шчэціне запрошана 8 навукоўцаў з краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы – з Украіны, Беларусі і Літвы. Алесь Краўцэвіч разам з польскімі і літоўскімі гісторыкамі прыме ўдзел ў дыскусіі наконт міфаў вакол Вялікага Княства Літоўскага.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя