Ці варта выстаўляць прэтэнзіі новаабранаму рэктару? (абноўлена)
Лідар Руху „За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч лічыць неабходным правесці паўторны конкурс на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Днямі агульны сход заснавальнікаў абраў новым рэктарам ЕГУ прафесара Дэйвіда Поліка.
Новы рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта павінен праводзіць рэформы. Але каб іх ажыццявіць, неабходна мець легітымнасць не толькі ў кіруючай радзе і сярод донараў, але таксама і ў беларускім грамадстве ды медыях. Так каментуе Мілінкевіч сваё выказванне пра неабходнасць перавыбараў рэктара ЕГУ.
Аляксандр Мілінкевіч, які быў адным з кандыдатаў на пасаду рэктара, падкрэслівае, што Беларусі вельмі патрэбны першы нацыянальны ўніверсітэт:
– Асабліва калі ёсць такія пагрозы незалежнасці. Трэба рыхтаваць эліту не толькі з еўрапейскім узроўнем ведаў, якая не толькі будзе будаваць новую Беларусь, а будзе і вельмі нацыянальнай, вельмі патрыятычнай. Гэта эліта павінна мець моцную ідэнтычнасць беларускую. Не проста менеджары-касмапаліты, а менавіта беларусы. Ці гэта будзе ЕГУ, ці нейкі іншы ўніверсітэт, але ён вельмі патрэбны.
Сярод кандыдатаў на пасаду рэктара быў таксама гарадзенскі прафесар Алесь Краўцэвіч. На яго думку, заклік да перавыбараў – заўчасны, бо пакуль нічога невядома пра тое, якім шляхам пойдзе новаабраны рэктар:
– Я лічу, не зусім карэктным такія прэтэнзіі прад’яляўць да чалавека, якога толькі што абралі на рэктара. Не ведаю, якія будуць тэндэнцыі. Я такіх заяваў рабіць не буду. Я ў Фэйсбуку напісаў, што ўдзячны ўсім, хто мяне падтрымліваў, і спадзяюся, што новы рэктар зразумее, што не проста стаў на чале чарговай навучальнай установы, а стаў на чале ўніверсітэта, які можа быць лёсаносным для немалой еўрапейскай краіны. А ўжо паглядзім па яго першых выніках дзейнасці, каб рабіць нейкія высновы.
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, заснаваны ў Беларусі, быў зачынены ўладамі, але ў 2005 годзе здолеў аднавіць сваю дзейнасць у Вільні. Увесь час ідуць дыскусіі адносна таго, ці захавае гэтая навучальная ўстанова сваю беларускасць.
На думку Аляксандра Мілінкевіча, пакуль існаванне свабоднага нацыянальнага ўніверсітэта ў самой Беларусі – немагчымае, але ўжо цяпер трэба працаваць на будучыню.
Беларускае Радыё Рацыя