Алесь Міхалевіч: Трэвэл-дакумент не замяняе пашпарт



Вялікая колькасць беларусаў у Польшы і Літве падаюцца на так званыя «пашпарты падарожніка».

Міжнародны адвакат і кіраўнік юрыдычнай фірмы Legal status Алесь Міхалевіч лічыць, што і з гэтым дакументам ёсць праблемы:

Асноўная праблема такая, што гэты дакумент проста замяняе пашпарт, ён не пацвярджае беларускае грамадзянства. Там можа быць напісана, што гэты чалавек грамадзянін Беларусі, але гэта не значыць, што гэта з’яўляецца пацверджаннем грамадзянства. І гэта значыць, што кожны канкрэтны раз трэба глядзець, ці ёсць візавы рэжым, ці ёсць адпаведная віза і права ўезду. Так, напрыклад, будуць капітальныя праблемы з уездам у Турцыю, куды для грамадзянаў Беларусі віза не патрэбная, а па гэтым дакуменце чалавека туды не пусцяць.

Па словах Алеся Міхалевіча таксама ёсць праблемы і з так званым «жэнеўскім пашпартам»:

Жэнеўскі трэвэл-дакумент гэта таксама не зусім пашпарт. У юрыдычным сэнсе гэта дакумент, які пацвярджае грамадзянства асобы. Гэта бежанскі дакумент. Ён троху іншы, таму што па ім, у рамках Савета Еўропы, ёсць асобная дамоўленасць. Ён больш рэгуляваны ў рамках міжнароднай дамовы Савета Еўропы. А таксама гэты дакумент прапісаны ў канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Таму верагоднасць таго, што бежанскі дакумент у вас прымуць, яна троху вышэй, чым проста нацыянальны польскі трэвэл-дакумент.

Алесь Міхалевіч упэўнены, што заўсёды, калі беларусы збіраюцца падарожнічаць па свеце, ім трэба мець з сабой дадатковыя дакументы, такія як, напрыклад, візы ці від на жыхарства ў канкрэтнай краіне.

Беларускае Радыё Рацыя