Алесь Мінаў: Доўга думаць пра вайну не магу. Думаю пра Беларусь



Сітуацыя з легалізацыяй і з адкрыццём рахункаў для беларусаў ва Украіне за апошні час фактычна не змянілася, а часамі ідзе ў горшы бок. Беларуская дыяспара невялікая, але засталіся тыя, хто ўжо адзін раз быў вымушаны эміграваць і не хоча паўтараць ізноў такую гісторыю. Сваімі разважаннямі на тэму вайны падзяліўся беларускі журналіст, наш сённяшні Госць Рацыі Алесь Мінаў, які знаходзіцца ва Украіне.

РР: Як даўно Вы знаходзіцеся ва Украіне і з якой прычыны?

Алесь Мінаў: Прычына, я думаю, даволі распаўсюджаная. Я з’ехаў ва Украіну ў канцы 2021 года, пасля таго, як мяне затрымалі. Я ў СІЗА прасядзеў тры месяцы. Прысудзілі “хімію” з накіраваннем, але мне ўдалося з’ехаць. І, адпаведна, адразу ва Украіну, за чатыры месяцы да пачатку вайны. У асноўным я жыву ў Кіеве, але працую як журналіст, таму езджу то ў Харкаў, то ў Херсон, то яшчэ некуды.

РР: Як выглядае зараз сітуацыя вакол Вас уласна з вашых адчуванняў? Ці заўважны ваенны стан?

Алесь Мінаў: Шчыра кажучы, з маіх уласных адчуванняў вакол мяне беларуская стужка навінаў, на жаль. І асабістыя расповеды, я кантактую шмат з людзьмі, хто ў Беларусі зараз. І шчыра кажучы, гэта не дае думаць пра вайну. А калі казаць з пабытовага пункту гледжання, то каменданцкая гадзіна ў Кіеве пачынаецца апоўначы і да пятай ранку. Яно можа здавацца нечым нязначным, але, сапраўды, вельмі ўплывае на рытм жыцця. У Херсоне, наколькі я памятаю, яна ўвогуле з 8-й ці з 9-й вечара пачынаецца. Часта гучыць паветраная трывога. Прылёты, праца СПА. Зразумела, што ў Кіеве добрая супрацьпаветраная абарона, мы можам падумаць пайсці ці не пайсці ў сховішча, а ў гарадах, якія бліжэй да лініі фронту, выбару ў людзей няма. І многія нават не паспяваюць да таго сховішча дайсці. Калі думаеш пра гэта, то жахліва. Вайна, якая ў стужках навінаў, яна ж заблюраная і праз паліткарэктнасць, і ўвогуле праз журналісцкія стандарты. Шмат чаго там няма. Прынамсі, нават у фотавыявах. Але калі ты жывеш ва Украіне, тут розныя чаты, кожны дзень гэта бачыш без нейкага згладжвання медыйнага. Але асабіста я доўга думаць пра гэту вайну не магу. Я хутчэй думаю пра Беларусь.

Вайна ва Украіне доўжыцца 587-мы дзень. Значных зменаў на лініі фронту за апошні месяц не адбылося, але і сітуцыя з ваенным станам у цэлым не пагоршылася.

Слухайце гутарку ў далучаным файле

Беларускае Радыё Рацыя