Алесь Зарэмбюк: Амбасада Беларусі ў Польшчы непадрыхтавалася да выбараў
У Варшаве галасаванне праходзіла вельмі неарганізавана.
За дзень змаглі прагаласаваць толькі каля 200 чалавек, пра гэта паведаміў сузаснавальнік Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк:
– Нягледзячы на тое, што я звяртаўся ад імя „Беларускага дома” да спадара амбасадара яшчэ ў панядзелак і папрасіў павялічыць колькасць кабінак і прапускную колькасць амбасады. Нягледзячы на тое, што мы папрасілі пусціць усіх жадаючых прагаласаваць, не атрымалі мы нейкага адказу і нічога амбасада ў гэтым накірунку не зрабіла. Было каля 2500 тысяч людзей, і зараз чэргі стаяць. Прагаласавала дзесьці каля 200 асобаў.
Як адзначае Алесь Зарэмбюк, некаторыя асобы займалі чаргу яшчэ ў 2 гадзіны ночы. Яны і прагаласавалі, але жадаючых было нашмат больш:
– Шэраг людзей паехала ў Беласток, у консульства галасаваць. Там таксама сітуацыя падобная. Шэраг людзей паехала галасаваць у Бялу Падляску. Людзі не разумеюць, як так можна было паступіць, як можна было не арганізаваць выбары, пра што ўвогуле думаюць супрацоўнікі амбасады. Можна было зрабіць гэты працэс больш хуткім, можна было дазволіць усім жадаючым прагаласаваць. Тым больш, што амбасада ведала, што будуць такія чэргі.
Як ужо паведамлялася, вялікія чэргі назіраліся і каля Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку, дзе не ўсе жадаючыя змаглі аддаць свой голас на прэзідэнцкіх выбарах.
Беларускае Радыё Рацыя