Алесь Зарэмбюк: Футбол – найлепшы сродак падтрымкі беларусаў
На гарадскім стадыёне Беластоку прайшоў дабрачынны матч у падтрымку беларусаў.
Матч урачыста адкрылі дырэктар Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк і дэпутат Сейму Роберт Тышкевіч. Кажа Алесь Зарэмбюк:
– Не час разразаць тарты, не час штосьці святкаваць таму, што гэта змрочныя часы для нашай краіны. На гэтую дзясятую гадавіну мы вырашылі арганізаваць тут, у Беластоку, у горадзе, які аб’ядноўвае польскі і беларускі народы, вось гэты матч у падтрымку палітычных рэпрэсаваных у Беларусі. Усе сродкі, якія будуць перададзены, будуць скіраваныя на падтрымку рэпрэсаваных рэжымам Лукашэнкі беларусаў.
Кажа дэпутат Сейму Польшчы Роберт Тышкевіч:
– Сардэчна ўсіх вітаю. Вітаю прыхільнікаў беларускай свабоды. Сёння мы сустрэліся тут, каб граць у імя беларускай свабоды і заўзець за беларускую свабоду, за ўсіх, хто змагаецца ў Беларусі за свабоду і дэмакратыю. Гэта пытанне нашай супольнай адказнасці, каб не забываліся пра рэпрэсіі ў нашай ўсходняй суседцы.
* * *
Пасля перапынку лік 1:1. Другі тайм гульні.
Беларуская каманда працягвае шэраг атак польскай брамы, эпіцэнтр гульні наўпрост фіксуецца там.
Трыбуны скандуюць: Радзіма, свабода!”. Заўзятары спяваюць „Тры чарапахі”.
Па словах гульцоў беларускай каманды, выпадковасцяў быць не павінна: „Ёсць хітрасьць, і мы яе трымаемся”.
І вось ён новы гол беларусаў! Ізноў нумар 10 Улад Дацэнка. Прыемна, што ў перапынку Улад даў слова карэспандэнту Беларускага Радыё Рацыя забіць мяч, і стрымаў сваё слова.
Перапынак у гульні. Лік 1:1. Падчас перапынку гулец Улад Дацэнка, які забіў гол, падпісаў мячы заўзятарам.
Першы мяч беларускай каманды забіў дзясяты нумар Улад Дацэнка.
Усе гульцы каманды апранутыя ў белыя цішоткі з „Пагоняй” ля сэрца. Лік матчу зараз: 1:1.
Беларускія заўзятары занялі асобную трыбуну і актыўна падтрымліваюць гульцоў.
Беларускія заўзятары актыўна выкарыстоўваюць свой від „мексіканскай хвалі”- беларускую.
Да „хвалі” далучыліся палякі. Цяпер на стадыёне Беластоку пануе суцэльная беларуска-польская хваля салідарнасці футболу.
Беларуская каманда адрозніваецца ўдалай серыяй прамых атак польскай брамы.
Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота: Вольгі Сямашкі