Алесь Зарэмбюк: Наша фотавыстава раскажа праўду пра Беларусь
«Беларусь. Шлях да свабоды». Такую назву атрымала фотавыстава, што адкрыецца пад адкрытым небам у цэнтры Варшавы. Тут будуць экспанавацца 30 здымкаў, знятыя карэспандэнтамі «Нашай Нівы» і «Белсату» падчас сёлетніх пратэстаў у Беларусі.
Гаворыць куратар экспазіцыі, старшыня Беларускага Дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк:
– Здымкі вельмі кранальныя. Канцэпцыя выставы – каб паказаць дзве часткі беларускага грамадства. Абсалютную большасць беларусаў – пазітыўных, мірных, з усмешкай. Абсалютную меншасць – у выглядзе АМАПу, у выглядзе міліцыі, у выглядзе гэтых у чорных шлемах людзей, якія баяцца паказаць свой твар, якія збіваюць жанчын, якія забіваюць людзей, якія ідуць супраць уласнага народа.
Цікавасць да беларускіх падзяў у Польшчы зніжаецца, таму выстава мусіць гэта выправіць. Акром фота, будзе дэманстравацца каляндар з асноўнымі датамі найноўшае гісторыі Беларусі, пачынаючы ад 1988 году. Каляндар адмыслова да выставы склаў Алесь Зарэмбюк. Тэксты прадстаўленыя на трох мовах: па-беларуску, па-польску і па-ангельску.
– Многія ў Польшчы думаюць, альбо не ведаюць, пра бел-чырвона-белы сцяг, які быў дзяржаўным да прыходу да ўлады дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. Пра наш герб “Пагоню”. Многія не ведаюць пра тое, што ў пачатку 90-х Беларусь была дэмакратычнай дзяржавай.
Адкрыццё фотавыставы «Беларусь. Шлях да свабоды» адбудзецца ў Дзень правоў чалавека 10 снежня а 09.30. Экспазіцыя размясціцца ў скверы імя кс. Яна Твардоўскага і будзе дасяжная для агляду да канца году. Выстава будзе дэманстравацца ў іншых гарадах Польшчы – такіх, як Кракаў, Уроцлаў, Гданьск – у онлайн- альбо офлайн-фармаце.
Беларускае Радыё Рацыя