Алесь Зарэмбюк: Пасля шэсця на Дзень Волі запрашаем у Беларускі дом



Сцэнар святкавання Дня Волі ў польскай сталіцы сёлета адрозніваецца ад ранейшых і будзе складацца з двух частак – вулічнай (маршу па вуліцах Варшавы) і ў офісе Беларускага Дома.

Пра гэта паведаміў сузаснавальнік Беларускага Дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

– У гэтым годзе мы пасля вулічнай акцыі запрашаем усіх да нас у Беларускі дом а 16-й гадзіне, дзе адбудзецца канцэрт Іллі Філіжанскага, беларуса, які жыве ў Варшаве. І дзе можна будзе ў нефармальнай абстаноўцы за гарбатай працягнуць святкаванне, паслухаць беларускую музыку, пазнаёміцца з тымі беларусамі Варшавы, якія далучацца да святкавання.

Як дадае Алесь Зарэмбюк, арганізатары акцыі атрымалі паведамленне, што адзін з маладых беларусаў збіраецца прынесці плакат супраць генерала Райса „Бурага”, што на думку Алеся Зарэмбюка недапушчальна ў Дзень Волі і з’яўляецца правакацыяй.

– Калі хтосьці хоча пратэставаць супраць “Бурага”, то трэба зрабіць асобную акцыю, запрасіць на гэтую акцыю беларусаў Варшавы і зрабіць яе каля Інстытута Нацыянальнай Памяці, альбо яшчэ дзе. Гэта ўпершыню такая нейкая спроба правакацыі. Замест таго, каб сфакусаваць увагу на святкаванні,  хочуць, каб пасварыць беларусаў і палякаў.

Марш у Варшаве, прысвечаны Дню Волі, пройдзе 23 сакавіка, пачнецца а 14:00 ад помніка Тадэвуша Касцюшкі. Маршрут пройдзе цэнтральнымі вуліцамі Варшавы і завершыцца пад помнікам ўжо іншаму славутаму земляку – беларусу Адаму Міцкевічу на Кракаўскім Прадмесці.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя