Аліна Дэмбоўская: Народныя ручнікі для нас – вельмі важныя
Традыцыя падляшскіх абрадавых ручнікоў можа трапіць у польскі спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Гэтая традыцыя найбольш была пашыраная ў паўднёва-усходняй частцы нашага рэгіёну. Яе захаваннем займаецца музей у Бельску Падляшскім, у экспазіцыі якога – каля 300 абрадавых ручнікоў, самыя даўнія з якіх паўсталі на зломе 19 і 20 стагоддзяў.
“Ручнікі для нас – вельмі важныя”, – кажа дырэктарка музея – Аліна Дэмбоўская:
– На маю думку, у народнай культуры няма больш важнага элемента, чым ручнік. Ён – адлюстраванне чалавечага жыцця, перадусім сям’і. З’яўляецца сімвалам роду, сімвалам сям’і… У ручніках захоўваецца цэлая сімволіка народнай культуры нашага Падляшша.
Музей у Бельску Падляшскім выдаў некалькі каталогаў па ручніках, а таксама невялікія кніжкі з узорамі. Як кажа Аліна Дэмбоўская, традыцыя ручнікоў пачала па-крыху адраджацца пасля даволі працяглага заняпаду. Падача дакументаў у нацыянальны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO плануецца сёлета ў першай палове году:
– Мы ўжо гатовы да гэтага. Бо наша праца звязаная не толькі з арганізацыяй выставаў, не толькі з вывучэннем рэгіёна. Усё ідзе да таго, каб мы наш бельскі, падляшскі народны ручнік унеслі ў спіс нематэрыяльнай спадчыны, бо лічым, што ён з’яўляецца вельмі каштоўным і важным для жыхароў нашага краю, і мы павінны гэта данесці да цэлай Польшчы.
Дырэктарка музея заахвочвае калегаў у Беларусі і ва Украіне ўнесці свае абрадавыя ручнікі ў нацыянальныя спісы, каб пазней падаць агульную заяўку на ўнясенне абрадавага ручніка нашага рэгіёну ў спіс сусветнай спадчыны UNESCO.
Цалкам размова:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя