Аліна Ваўранюк: Не знайшлося ахвотных на беларускую мову
Упершыню за шматлікія гады ў пачатковай школе №4 у Беластоку не набралі першага класа, у якім дзеткі мелі вывучаць беларускую мову.
Што стала прычынамі такой сітуацыі, а таксама пра тое, як арганізавана навучанне беларускай мовы ў школе ды пра іншае мы паразмаўлялі з „Госцем Рацыі” Алінай Ваўранюк:
РР: З якімі пачуццямі ў гэтым годзе вы прыйдзеце 1-га верасня?
– Ужо некалькі гадоў я пачынаю новы год з вялікай цікавасцю. Цікава, якія дзеці прыйдуць, хто застанецца на гэтых уроках, а хто не. У гэтым годзе меншая цікавасць, бо першага класу ў мяне не будзе, бо няма дзяцей, якія будуць у першым класе ў нашай школе вывучаць беларускую мову. Гэта першы раз за гэтыя 30-ць гадоў, калі не знайшлося ахвотных на беларускую мову. Тым не менш таксама цікавасць, хто пойдзе на тэатральны гурток, як гэтыя дзеці, ці падраслі, хто будзе хадзіць на заняткі „Гісторыі і культура беларускай меншасці”, бо гэта заўсёды цікава.
РР: Як арганізавана навучанне?
– Увогуле ўсё навучанне з верху арганізуе Міністэрства адукацыі і навукі. Паводле законаў, гэта было з самага пачатку, што паводле законаў гэтае навучанне беларускай мовы вядзецца, як навучанне мовы беларускай меншасці. На заняткі ходзяць толькі і выключна дзеці з меншасці ў якіх бацькі маюць польскае грамадзянства. Грамадзянства гэта адно, а нацыянальнасць ужо іншая справа. Раней гэтага ніхто не пільнаваў, хадзілі дзеці ўцекачоў з Беларусі, хадзілі на заняткі беларускай мовы і не было ніякіх праблем. Але ўжо ў мінулым навучальным годзе пачалі гэтаму прыглядацца. Паколькі ў Польшчы існуе такая сістэма інфармацыі, польская абрэвіятура SIO, там усё бачна. Калі ў дзіцяці і бацькоў няма гэтага пэсэлю, яно як бы не ўваходзіць у гэтую сістэму навучання. Польскі ўрад дафінансоўвае мову нацыянальным меншасцям, таму толькі тым, як я ўжо сказала, у якіх польскае грамадзянства.
РР: Пачалі прыглядацца таму, што больш гэтых дзяцей стала?
– Думаю, што па-першае больш дзяцей. А нават не ведаю. Шчыра кажучы не ведаю ці гэта з-за ўцекачоў з Беларусі, ці з-за таго, што шмат украінцаў ужо тады, ужо ў той час было многа. Думаю, што яны скарысталіся гэтым, можа таксама расейцы, якіх усё больш і больш. Цяпер так, няма ў нас школы, па ўсёй Беласточчыне і па ўсёй Польшчы, дзе ўсё навучанне вядзецца на беларускай мове. Беларуская мова толькі як прадмет. Паводле закону тры гадзіны ў тыдзень. Пяты і шосты клас мае дадаткова дваццаць пяць гадзін на цэлы год. „Гісторыя і культура беларускай меншасці” можна таксама ўвесці элементы геаграфіі. Ведаю, што з’явілася такая ініцыятыва, збіралі подпісы, каб арганізаваць у Беластоку навучанне для дзяцей уцекачоў з Беларусі, каб горад гэта арганізаваў. Слухайце, я калі думала пра гэта, горад не можа „пераскочыць” праз гэтыя законы. З другога боку, калі маем так многа гэтых дзяцей, а іх вельмі шмат у Беластоку, то калі назбіраюць людзей, подпісы за гэта, гэтую мову і навучанне можна арганізаваць не як мову нацыянальнай меншасці, а проста, як мову людзей, якія таксама ў гэтым горадзе працуюць і плацяць падаткі і г.д. Чаму не дапамагаць жыхарам свайго горада? Думаю, што калі б ахвотныя беларусы напісалі ліст, заяву, назбіралі шмат подпісаў, бо гэта ад таго залежыць. У любым месцы, не абавязкова ў нашай школе, дзе-небудзь. Другое пытанне, школа павінна быць у цэнтры, каб усім было зручна. Таксама ўзнікае пытанне, што потым? Як доўга яны будуць жыць? Невядома калі гэтая сітуацыя памяняецца. Калі жыць у Польшчы, то ў Польшчы адукацыя на польскай мове вядзецца. Можа арганізаваць нядзельную школку?
Беларускае Радыё Рацыя