Аляксандр Адамковіч: Каб захаваць традыцыйную беларускую культуру ў Вільні



Таварыства беларускай культуры ў Літве – адна з найстарэйшых беларускіх культурніцкіх арганізацый у Вільні. Дзякуючы працы ў першую чаргу Лявона Луцкевіча, Леваніда Караля, Міколы Рулінскага, Кастуся Шышэі і іншых Таварыства займалася адраджэннем беларускай культурнай спадчыны ў Літве. Пра сённяшнюю працу ТБК з яго старшынёй Аляксандрам Адамковічам паразмаўляў Алесь Аркуш.

РР: Беларуская культура здаўна прысутнічае ў Вільні. Тут ёсць адмысловыя свае традыцыі. Як на сённяшні дзень? Што з гэтымі традыцыямі? І як твая арганізацыя працуе ў гэтым кірунку?

Аляксандр Адамковіч: Калі падыходзіць так да гэтага пытання, то можна сказаць, што існуе праблема. Старая традыцыйная беларуская культура і вось гэтая новая, пасля 2020 года, калі ў Вільні з’явілася шмат беларускіх уцекачоў, то не атрымалася паміж імі дыялогу і не атрымалася пераемнасці. Гэтая аўтахтонная старажытная беларуская традыцыя ў Вільні па сённяшні дзень нешматлікая. На жаль, культурніцкае найбольш ператварылася ў палітычнае. Мітынгі, шэсці, пікеты і г.д. А вось захаванне традыцыйнасці, на жаль, пад вялікім пытаннем.

РР: А вось тыя дзеячы беларускай культуры, якія тут жылі ў Вільні, наколькі захоўваецца памяць пра іх? Як ушаноўваецца?

Аляксандр Адамковіч: На Дзяды, на Радаўніцу мы ходзім на могілкі. Іх магілы прыглядаюцца. Быў адноўлены помнік Францішку Аляхновічу. Зараз думаем заняцца помнікам Паўлу Карузу. Таксама аднавілі помнік Сяргею Паўловічу. Таму, у такім плане, памяць пра іх захоўваецца. І мы стараемся з гэтым знаёміць беларусаў, якія нядаўна трапілі ў Вільню, вадзіць іх па могілках, паказваць і расказваць ім.

РР: Раней, гадоў 15-20 таму, беларусы Вільні досыць актыўна выдавалі кнігі. Мемуары, успаміны. Як сёння з гэтымі справамі?

Аляксандр Адамковіч: Зараз з гэтым складаней. На жаль, гэтая друкаванасць, яна ўвогуле знікае. А тут адбыўся можа нават і крызіс. І таму з аднаго боку ёсць вялізнейшы пласт, які неабходна падымаць, які неабходна паказваць людзям, – праз друк, праз выданне мемуараў, успамінаў. Людзі сыходзяць, людзі знікаюць, з імі знікаюць іхнія архівы, фотаздымкі. Гэта ўсё губляецца. І таму гэта, на жаль, праблематычна. Трошкі штосьці Таварыства спрабуе. Я асабіста выдаў некалькі кніг успамінаў. Будзем спадзявацца, што гэта будзе працягвацца, і моладзь будзе актыўней падлучацца. Бо пройдзе 10-20 гадоў, мы не знойдзем ні гэтых віленчукоў, ні гэтых успамінаў, ні гэтых дакументаў.

РР: Ці пашыраецца колькасць сяброў вашай арганізацыі? Ці прыходзяць нейкія новыя? Бо, відаць, большасць вашых сяброў ужо ў сталым узросце.

Аляксандр Адамковіч: Я б так сказаў, што ёсць і моладзь, ёсць і ў сталым веку. Але з большага няма тых, хто прыехаў пасля 2020 года. Як было з пачатку 90-х, так яно і ёсць. Ёсць некалькі, якія прыехалі ў 2010-ым і пазней, яны ёсць, але няма тых, якія прыехалі пасля 2020-га.

РР: На вашу думку, якія праекты адносна захавання беларускай прысутнасці ў Вільні можна яшчэ зрабіць. Мне, напрыклад, вельмі падабаецца, што ў Вільні досыць шмат шыльдаў, прысвечаных дзеячам беларускай культуры. А што яшчэ можна зрабіць у такім плане?

Аляксандр Адамковіч: Я думаю, што яшчэ можна зрабіць больш назваў вуліц. Канешне, ёсць планы пра помнік Скарыну. Але, калі скажам, няма помніка прэзідэнту Смятоне, то наўрад ці будзе дазволены Скарыне. А так вось, працаваць з назвамі вуліц і пашыраць нематэрыяльную культуру, як мы робім. Наша Таварыства праводзіць мастацкія пленэры, а таксама песенныя фестывалі, каб літоўцы і палякі таксама чулі беларускую песню і тым самым спазнавалі беларускую культуру. І такім чынам пашыраць і нематэрыяльную беларускую культуру.

Цалкам размова:

З «Госцем Рацыі» – старшынёй Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандрам Адамковічам размаўляў Алесь Аркуш.