Аляксандр Азараў: Беларусы павінны аб’ядноўвацца



У нашым эфіры пабываў прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па аднаўленні законнасці і правапарадку, а таксама кіраўнік ініцыятывы аб’яднання сілавікоў Беларусі ByPol Аляксандр Азараў.

РР: Што такое аб’яднанне сілавікоў Беларусі?

– ByPol ствараўся пасля жніўня 2020 года сілавікамі, якія звольніліся па палітычных матывах і з’ехалі за мяжу баючыся пераследу з боку ўладаў. Улады ў той час мелі на мэце прыцягнуць да адказнасці ўсіх сілавікоў, якія на іх думку здрадзілі Радзіме і звольніліся. Шмат сілавікоў прыехала ў Польшчу, мы сабраліся разам і вырашылі стварыць арганізацыю ByPol – скарочана па-ангельску „Belarussian police”. Але хачу сказаць, што там не толькі міліцыянты, але і супрацоўнікі іншых сілавых структур. Вайскоўцы, пракуратура, следчыя, розныя ў нас сілавікі працуюць былыя. Наша мэта – гэта барацьба з рэжымам, аднаўленне правапарадку. Мы ведаем, што Лукашэнка ў жніўні захапіў уладу незаконна, ён з’яўляецца злачынцам. Гэта караецца нават смяротным пакараннем артыкул 357 частка 3 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Мы хочам аднавіць правапарадак, змяніць уладу, прыбраць Лукашэнку, правесці новыя дэмакратычныя выбары, выбраць новы парламент і новага прэзідэнта. Мы сабраліся разам, стварылі арганізацыю і працуем у гэтым напрамку.

РР: У 2020 годзе большасць сілавікоў усё ж заняла бок Лукашэнкі. Чаго не хапіла?

– Сілавікі прызвычаіліся да ўлады Лукашэнкі. Я працаваў больш за 21 год. Сілавікі разумеюць толькі сілу. Яны выконваюць загады таму, што гэтыя загады сыходзяць ад сілы. З боку беларускага народу, які выходзіў на пратэсты не адчувалася сілы, не было моцных лідараў. Ніхто не аддаваў загады, не было нават плану. Людзі проста выходзілі на вуліцы, хадзілі ўздоўж вуліц і на канцы вуліц арыштоўваліся ды катаваліся. Не было плану, ім не было да каго пераходзіць, таму яны засталіся пры ўладзе Лукашэнкі. Частка сумленных звольнілася. Але не ўсе звольніліся, у нашу арганізацыю таксама ўваходзяць дзеючыя сілавікі з розных арганізацый. Мы з імі працуем і нават кажам, што не трэба звальняцца. Нам патрэбныя людзі ўсярэдзіне сістэмы, каб ведаць, што там робіцца. Каб яны ў патрэбны момант перайшлі на наш бок і выканалі нашы загады.

РР: Можа ў 2020 не хапіла рашучага голасу Святланы Ціханоўскай: „Бяром Акрэсціна”?

– Такіх загадаў не было. Калі б быў такі загад, то я думаю, што было б штосьці іншае. Людзі прыйшлі на Акрэсціна, ім ніхто загадаў не даваў. Вы памятаеце, людзі нават прыйшлі да рэзідэнцыі Лукашэнкі, была Калеснікава, якая сказала разыходзіцца па дамам.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя