Аляксандр Пашкевіч: Польшча змагла, бо паказала ўнутраную сілу, з якой дагэтуль лічыцца ўвесь свет
11-га лістапада 1918 года Польшча, якую на працягу 123 гадоў дзялілі паміж сабой Расея, Прусія і Аўстрыя, змагла павяртаць незалежнасць. Чаму Польшча змагла стаць незалежнай, а Беларусь, якую зараз успрымаюць як падкантрольную Расеі, не?

Над гэтым пытаннем разважае кандыдат гістарычных навук, шэф-рэдактар часопіса «Arche» Аляксандр Пашкевіч:
– Склалася спрыяльная кан’юктура, гэтыя імперыі, у выніку Першай сусветнай вайны, пасыпаліся, і з’явілася магчымасць на іх руінах штосьці утвараць. А другая прычына ў тым, што палякі да гэтага доўга рыхтаваліся, палякі маральна былі гатовыя да таго, што трэба ваяваць за незалежнасць. Стваралі вайсковыя фармаванні, якія пазней ператварыліся ў вельмі баяздольнае польскае войска. У выніку ім удалося атрымаць падтрымку заходніх краін, якія пасля Першай сусветнай вайны вырашалі лёсы Еўропы і свету.
На думку Аляксандра Пашкевіча, беларускі нацыянальны рух 100-гадовай даўніны не меў такога развіцця і ўплыву на грамадства, як у Польшчы. Як вынік, беларускае грамадства не валодала моцнай нацыянальнай свядомасцю і не змагло арганізавана выступіць у патрэбны момант.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
