Аляксандр Салантай: Канстытуцыйная большасць дэпутатаў аб’ядналіся ў кааліцыю
Канстытуцыйная большасць дэпутатаў аб’ядналася ў кааліцыю ў Вярхоўнай Радзе Украіны. Сёння 302 члены украінскага парламента падпісалі тэкст кааліцыйнай дамовы.
“Такая колькасць кааліцыянтаў дае магчымасць Вярхоўнай Радзе прымаць рашэнні аб змене Канстытуцыі, і гэтыя змены ужо ў планах”, – адзначыў у нашым эфіры украінскі палітычны эксперт Аляксандр Салантай.
– Кааліцыйная большасць склалася і ставіць прыярытэтным сваім заданнем новую рэдакцыю украінскай Канстытуцыі. Гаворка ідзе пра тры рэчы: судовую рэформу, дэцэнтралізацыю мясцовага самакіравання, рэфармаванне парламенту – у тым лііку і дэпутацкай недатыкальнасці, якая ўжо ператварылася ў дэпутацкую беспакаранасць. Трэба, каб дэпутаты сталі дасягальнымі для праваахоўнай сістэмы, як усе астатнія грамадзяне, гэта нармальная еўрапейская практыка. Для гэтага плануецца зрабіць канстытуцыйную рэформу.
Паводле Аляксандра Салантая, першыя прапановы рэформаў могуць паступіць на разгляд Вярхоўнай Рады ўжо праз 2 тыдні. На будучым тыдні мае канчаткова адбыцца фармаванне ураду, які ўзначаліў Арсень Яцанюк.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя