Турчынаў: Расея рыхтуе новае ўварванне ва Украіну
Сакратар Савета нацыянальнай Бяспекі і Абароны Аляксандр Турчынаў заяўляе, што Расея рыхтуе новае ўварванне ва Украіну. Такога ўварвання можна чакаць у кожны момант.
З падрабязнасцямі – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:
– „Пераход канфлікту ў актыўную вайсковую фазу актуальны і цяпер, асабліва – у самыя бліжэйшыя дні”, – прагназуе Аляксандр Турчынаў.
Украінскі высокапасадовец мяркуе, што нядаўні наступ сепаратыстаў у раёне Мар’інкі на Марыупаль – гэткая “разведка боем”, і што галоўныя падзеі ў гэтым кірунку яшчэ наперадзе.
Турчынаў нагадаў, што згодна Менскім пагадненням, Украіна адвяла цяжкое ўзбраенне, а менавіта на гэта і разлічваюць сепаратысты. Яны таемна падцягваюць бронетанкавыя часткі і артылерыю, каб забяспечыць хуткі прарыў украінскіх пазіцый.
Тым часам сітуацыя ў зоне Антытэрарыстычнай аперацыі стабільна напружаная. За сённяшнюю ноч пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў былі абстрэленыя 30 разоў. Абстрэлы вяліся з буйнакаліберных мінамётаў, артылерыі і танкаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Украіна
Фота news-hot.net