Аляксандр Васылюк: Мы заўсёды павінны змагацца за два мандаты
Толькі 200 галасоў не хапіла Аляксандру Васылюку, каб атрымаць мандат у Сойм на апошніх парламенцкіх выбарах у Польшчы, якія прайшлі 15 кастрычніка. Аляксандр Васылюк быў кандыдатам са спісу „Трэцяга шляху”, адзіным кандыдатам ад Форуму меншасці Падляшша і з падтрымкай арганізацый беларускай меншасці ў Польшчы.
„Кандыдатаў са спісаў розных партый, якія звярталіся да беларуска праваслаўнага электарату было за многа”, – лічыць Аляксандр Васылюк:
– У выбарах мы заўсёды павінны змагацца за два мандаты, але трэба рабіць гэта больш разумна і арганізавана. Ужо сёння мы павінны думаць над тым, хто нас будзе прадстаўляць праз чатыры гады. Мы не павінны гэтага адкладаць, бо пазней паўстае такая сітуацыя, што кандыдатаў занадта шмат, не можам дамовіцца. Над гэтым трэба пачынаць працаваць.
Аляксандр Васылюк атрымаў 4 вынік у спісе „Трэцяга шляху”, за яго аддалі голас 3249 чалавек. Чацвёрты вынік у спісе „Грамадзянскай кааліцыі” атрымаў Яўген Чыквін, яго падтрымалі 8332 асобы. Па спісу „Грамадзянскай кааліцыі” балатаваліся таксама бургамістр Бельска Падляшскага, які атрымаў 2246 галасоў і Адам Мусюк, за якога прагаласавала 3419 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя