Аляксандра Ханевіч: Хай ніхто ў свеце не ведае вайны
Гарадзенская актывістка Аляксандра Ханевіч мусіла пакінуць Беларусь пасля пратэстаў 2020-га года. На той момант ёй было 70 гадоў. Здавалася, што самае страшнае засталося ў мінулым — Аляксандра пачала будаваць жыццё наноў у Беластоку, але падчас вакацый жанчына вырашыла наведаць сваіх сяброў у Ізраілі.
У эфіры „Госця Рацыі” распавяла пра сваю валанцёрскую дзейнасць у Ізраілі, а таксама пра падтрымку беларусаў, якія дапамаглі ёй вярнуцца ў Польшчу.
РР: Што вы пабачылі ў Ізраілі і як сябе адчуваеце?
– Я ўжо ў хаце, але дагэтуль узрушаная. Я была больш упэўненая ў Ізраілі, чым калі прыехала дахаты. Цяпер выходзіць тое, што не выходзіла там, бо не магла падвесці сваіх сяброў, не магла паказаць, што я хвалююся. Было вельмі цяжка вылецець, знайсці рэйс. Толькі адзін знойдзем і тут жа штосьці не адпавядае. Ляцела з адной перасадкай, а былі такія, што з двума і трыма нават. Пакуль быў мой сябар Аляксандр Фруман быў у хаце, было ўсё спакойна. Але ён пайшоў, як рэзервіст. Супакойваў мяне тым, што не будзе ў эпіцэнтры, бо яму 43 гады, такіх ужо не пасылаюць. Але маладыя хлопчыкі ідуць, сэрца крывёй абліваецца. Шэсць гадоў таму я першы раз была ў Ізраілі і палюбіла гэтую краіну. Гэта быў ужо трэці раз, калі я была ў Ізраілі. Цяпер я палюбіла яе жыхароў, бо гэта людзі, якія за сваю краіну, за сваю сям’ю будуць змагацца да апошняй кроплі крыві. Яны не ўлезлі ў чыёсьці, свайго не саступяць. Як казалі хлопцы, з якімі я бачылася, яны былі на адпачынку. Яны казалі, што ў іх няма іншага выйсця, акрамя як нішчыць так, як пачалі нішчыць іх. З 1947 Ізраіль прызнаны, але пакою дагэтуль няма ад ХАМАСаўцаў, якія ва ўсім свеце прызнаныя тэрарыстамі.
РР: Вы ўдзельнічалі ў валанцёрскай дзейнасці. Вам не было страшна?
– Не. На дзіва не было страшна, мне было нават цікава. Ужо не маглі ніяк купіць квіток, таму папрасіла запісаць мяне ў валанцёры. Там ізраільцянін, якому 90 гадоў, пайшоў у войска. Я жартавала, што буду хлеб рэзаць, агуркі і памідоры, нейкім чынам дапамагаць. На што Саша сказаў, што я не ведаю іўрыту, будзе цяжка, ніхто не возьме. Але робячы штосьці мне было б лягчэй, чым проста сядзець. Сашу забралі, сям’я ў напружанні, усе на нервах. Людзі вельмі згуртаваныя. Калі вылятала з Тэль-Авіву, то ў гэтым самалёце большасць ляцела з маленькімі дзецьмі. Ніхто з мужчын не вылятаў з Ізраілю, яны ў любым стане і ўзросце застаюцца ў краіне. Рэзервісты самі ішлі, не чакалі пакуль іх выклічуць. Нават са Злучаных Штатаў Амерыкі ехала вельмі многа габрэяў, якія калісьці выехалі і жывуць па 20-ць гадоў у Злучаных Штатах. Яны вярталіся назад, каб бараніць сваю краіну.
Беларускае Радыё Рацыя