Аляксандра Кужаль: Гонтараву трэба судзіць
“Кіраўніка Нацынальнага банка Украіны Валерыю Гонтараву трэба судзіць за тое, што яна зруйнавала фінансавую сістэму Украіны. З яе прыходам ва Украіне ў тым годзе знікла больш за 30 банкаў, у гэтым – знікае сёмы”, – кажа палітык, народны дэпутат ад „Батькивщины” Аляксандра Кужаль. І зазначае, што яна стараецца падтрымліваць прэзідэнта ў кроках па ўсталяванні міру, але не ў яго прызначэннях:
– Калі ў краіне знікае адзін банк, то гэта ўжо надзвычайнае здарэнне. Бо ўсе дэпазіты перакладаюцца на дзяржаўны фонд гарантавання. Ніхто не кантралюе, як вывелі ўсе актывы. А пасля, калі ў актываў няма ўласнікаў – уласнікі ўжо ні за што не адказваюць, – адказнасць пераходзіць на дзяржаву. І так з кожным банкам. “Надра Банк” увёў адміністрацыю месяц таму. А калі Фірташ з Фурсіным усё вывелі? Паўгода выводзілі актывы. Акрамя таго, яна зрабіла эмісіі больш за 300 мільярдаў. Гэта электронны кошт, які выдзяляўся на рэфінансаванне банкаў. Банкі выходзілі з ім на валютную біржу. І тая гульня з валютаю была не за ўласныя грошы. Свае актывы ў свой час выводзілі. Таму на сённяшні дзень мы маем 34 грыўні за даляр.
МВФ будзе вырашаць лёс грошай для Украіны 11 сакавіка. Да трэцяга сакавіка Рада павінна прыняць новыя падатковыя і бюджэтныя законы. Па словах Аляксандры Кужаль, рэформы, якія прапаноўвае зараз Кабінет міністраў, скіраваныя на пагаршэнне становішча найбяднейшых сацыяльных групаў – настаўнікаў, лекараў, пенсіянераў.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя