Аляксей Балашоў: Беларусы Грузіі падаюцца на міжнародную абарону
У Грузіі па неафіцыйных дадзеных пражывае больш за 5 тысяч грамадзян Беларусі, большасць з якіх прыехалі ў гэту краіну пасля падзеяў 2020 году.

Па словах грамадскага актывіста, кіраўніка арганізацыі «Беларуская дыяспара ў Аджарыі» Аляксея Балашова большасць беларусаў зараз маюць праблемы з пашпартамі і візамі:
– Калі ў іхным канкрэтным кейсе ў нас ёсць інфармацыя, то мы аддаем. Задача таксама сабраць кейсы рэальных людзей, вызначыць самыя масавыя трэкі з праблемамі, спрабаваць лабіраваць вырашэнне пытанняў на роўні і Грузінскай улады і на міжнародным роўні таксама.
Па словах актывіста, вялікая колькасць беларусаў зараз падаецца ў Грузіі на статус міжнароднай абароны:
– Наколькі мы ведаем ад праваабаронцаў, юрыстаў, і па публіцы, якая прыходзіць на сустрэчы, што павялічылася колькасць людзей якія падаюцца. Па настроях людзей відаць, што больш асобаў сталі разглядаць гэта для сябе. Гэта прынамсі магчымасць легальна перабываць у Грузіі. Уваходжанне ў пэўную працэдуру, яно накладвае пэўныя абмежаванні. Таму такі спосаб не ўсім пасуе. Але для тых, хто не мае выбару, гэта і так лепш, чым нелегальна.
Аляксей Балашоў запрашае ўсіх беларусаў, хто жыве ў Аджарыі на адмысловыя сустрэчы з кіраўніцтвам арганізацыі «Беларуская дыяспара ў Аджарыі». Сустрэчы адбываюцца кожны аўторак увечары ў многафункцыянальнай прасторы «аКсяродак».
Беларускае Радыё Рацыя
