Аляксей Дзікавіцкі: Дыялекты – гэта багацце Беларусі



Сёння ў Беластоку ў клубе Beer&History адбудзецца першая ў свеце прэзентацыя кнігі вершаў і перакладаў Аляксея Дзікавіцкага “Світумузыка”. Кніга напісаная на палескай гаворцы з ваколіцаў Пінску.

Журналіст, паэт і пісьменнік Аляксей Дзікавіцкі  – “Госць Рацыі”.

Аляксей Дзікавіцкі: Я ніяк не магу прызвычаіцца да гэтага “паэт і пісьменнік”, таму што паэт – гэта Алесь Разанаў, а пісьменнік – гэта Уладзімір Караткевіч. Я прымерваюся  пакуль да гэтага.

РР: Гэта будзе першая прэзентацыя кніжкі “Світумузыка” і менавіта ў Беластоку. Чаму менавіта тут?

Аляксей Дзікавіцкі: Так здарылася парадаксальна, таму што папярэдняя мая кніжка, каторая выйшла два з паловай года таму “ОНЬДЭ”, я праехаў палову Еўропы з прэзентацыяй, а потым запрасілі мяне ў Беласток. Але мне на Беласток залежыць, таму што тут шмат нашых людзей жыве. І на памежжы мы гаворым практычна такой жа мовай, якой напісаныя гэтыя кніжкі. Таму для мяне гэта важна. А тут атрымалася так, што акурат я атрымаў наклад, гэта літаральна пяць дзён таму было, і адразу мяне запрасілі на прэзентацыю ў Беласток. Так што я цешуся, што першая і сусветная прэзентацыя маёй новай кніжкі “Світумузыка” будзе акурат у Беластоку.

РР: Вы захоўваеце гэтыя палескія адмысловасці.

Аляксей Дзікавіцкі: Натуральна, Палессе беларускае, украінскае Палессе – гэта, што тычыцца мовы, зусім іншая тэрыторыя. У нас няма “дзекання” , “цекання”. Калі я быў яшчэ студэнтам, прыехаў у вёску да маёй бабулі Праксі. І запытаўся, дзе тая дзяўчына, з якой я ў дзяцінстве гуляў. А бабуля мая кажа, што яна выйшла замуж “за лытвына” ў Ляхавічы. Для яе той, хто “дзекае”, “цекае” беларус – гэта быў літвін. У нас зусім іншае вымаўленне. Яно бліжэй да ўкраінскай мовы. Так ёсць. І я лічу, што гэта багацце Беларусі. І, на жаль, улада, якую мы зараз маем, яна не тое, што не шануе беларускую мову, дык яна і дыялекты не шануе. Калі б гэта была нармальная дзяржава, яна б шанавала гэта, ганарылася, развівала  б гэта. А так, ёсць такія энтузіясты, як я, каторыя выдаюць нешта па-палеску. Гэта ўсё робіцца за свае грошы, за кошт свайго часу, не тое, што я бяру творчую камандзіроўку на напісанне кнігі. Гэта паміж працай, домам, абавязкамі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя