Аляксей Францкевіч: Беларусы сабралі грошы для ўкраінскага войска і гатовы здаць кроў



Кіраўнік Беларускага крызіснага цэнтру ў Львове Аляксей Францкевіч каардынуе працу па дапамозе беларусам, якія воляй лёсу апынуліся ва Украіне.

У мірны час даводзілася дапамагаць тым, хто быў вымушаны пакінуць Беларусь праз палітычны пераслед, і ў ваенны час такой працы прыбавілася: тэрміновай дапамогі вымагаюць тыя, хто трапіў у зону вайсковага канфлікту. Але цяпер львоўскія беларусы дапамагаюць не толькі суайчыннікам, кажа Аляксей Францкевіч:

– Учора беларусы сабралі грошы і пералічылі ў фонд украінскага войска, многія гатовы стаць донарамі для ўкраінскіх вайскоўцаў. Шмат людзей, якія хацелі б запісацца ў добраахвотнікі, тэлефануюць жанчыны, гатовыя працаваць валанцёркамі ў медычнай службе. Усім вельмі крыўдна і вельмі сорамна за тое, што Беларусь падтрымлівае краіну-агрэсара.

Паводле Аляксея Францкевіча, у Львове цяпер няма панікі, хаця ў гэтым горазе, які яшчэ ўчора лічыўся адносна бяспечным месцам, праз увесь дзень гучаць сірэны, і людзям раяць не выходзіць на вуліцы. Беларускі крызісны цэнтр па-ранейшаму гатовы дапамагчы ў пошуках жытла ды аказаць іншую падтрымку землякам, якія едуць у Львоў з іншых рэгіёнаў Украіны, але не могуць вярнуцца ў Беларусь праз пераслед за палітычную і грамадскую дзейнасць.

Беларускае Радыё Рацыя